1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Большасць беларусаў асцерагаецца адкрыта выказваць свае палітычныя погляды

Алена Данейка

такую выснову зрабілі эксперты, калі абагульнялі вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў снежні мінулага году пры садзейнічанні групы прафесара Манаева

https://p.dw.com/p/7mOX
Фото: bilderbox.com

Большасць грамадзянаў Беларусі асцерагаецца адкрыта выказваць свае палітычныя погляды, такую выснову зрабілі эксперты, калі абагульнялі вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага ў снежні мінулага году пры садзейнічанні групы прафесара Манаева. Адказы на пытанні "Ці выконваюцца правы чалавека ў Беларусі?", "Ці будуць прэзідэнцкія выбары 2006 году вольнымі і справядлівымі?" шмат у чым паўтараюць суадносіны задаволеных і незадаволеных узроўнем развіцця дэмакратыі ў Беларусі.

Толькі 14 адсоткаў апытаных сказалі, што ніхто не баіцца выказваць свае палітычныя погляды. 10 адсоткаў рэспандэнтаў ўвогуле адмовіліся адказваць на гэтае пытанне. Усе астатнія гавораць пра тую ці іншую ступень страху. Ці сумяшчальная дэмакратыя з бояззю выказваць свае меркаванні? - задаліся пытаннем сацыёлагі.

Вынікі апытання паказалі, што 16% грамадзянаў поўнасцю задаволеныя развіццём дэмакратыі ў Беларусі. Да іх далучаюцца 37% тых, хто "хутчэй задаволены, чым незадаволены". Эксперты робяць выснову: гэтыя лічбы сведчаць, што больш паловы насельніцтва ўвогуле згоднае з цяперашняй сітуацыяй. Тыя, хто лічыць гэтую ўладу сваёй, аптымістычна гавораць, што не бачаць у Беларусі парушэнняў у галіне правоў чалавека. Яны перакананыя, што прэзідэнт Лукашэнка будзе абраны на трэці тэрмін у выніку вольных і справядлівых выбараў. Тыя, хто незадаволены атмасферай страху, па-іншаму ацэньваюць узровень развіцця дэмакратыі. Яны адзначаюць парушэнні правоў чалавека і не лічаць магчымым правядзенне вольных і справядлівых выбараў у такіх умовах. Аднак, канстатуюць сацыёлагі, гэта не сведчыць пра тое, што гэтыя людзі гатовыя адкрыта выказваць свой пратэст, беручы ўдзел ў вулічных акцыях у выпадку фальшавання вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.

Нацыянальнае апытанне паказвае, што выйсці на вуліцу гатовыя 12% рэспандэнтаў. У маштабах Беларусі гэта амаль мільён чалавек.

Адказы на абстрактнае пытанне пра парушэнні правоў чалавека і на канкрэтнае пытанне аб дачыненні да судовых прысудаў, вынесеным лідэрам апазіцыі за арганізацыю вулічных акцый пратэсту, па сутнасці сваёй не супадаюць. Адмоўнае стаўленне да асуджэння Паўла Севярынца, Мікалая Статкевіча і Андрэя Клімава выказалі больш за траціну апытаных. І іх удвая больш, чым тых, хто не лічыць пакаранне за выраз сваіх палітычных поглядаў парушэннем правоў чалавека. У іх разуменні, тлумачаць эксперты з группы прафесара Манаева, у Беларусі не парушаюцца правы чалавека.

Сацыёлагі адзначаюць, што сёння прыкладна траціна беларускіх грамадзянаў абыякавыя да палітыкі. Але яны адзначаюць пэўную тэндэнцыю: пачаўшы са скасавання выбараў кіраўнікоў мясцовай улады, цяперашняе кіраўніцтва Беларусі імкнецца вырашаць па сваім меркаванні пытанні, што закранаюць прыватнае жыццё грамадзянаў: якія газеты чытаць, ад каго атрымоўваць грашовыя пераводы з-за межы. Гэтая акалічнасць прымушае "абыякавых" грамадзянаў вызначацца са сваім стаўленнем да сітуацыі ў краіне, сцвярджаюць эксперты з групы прафесара Манаева.