Пачалася неафіцыйная кампанія па выбарах дэпутатаў
10 апреля 2008 г.Яшчэ месяц таму ў актывістаў “Моладзі БНФ” з’явілася ідэя правесці шэраг сустрэчаў з дзейнымі дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі менавіта ў тых акругах, дзе збіраюцца балатавацца ў парламент сябры БНФ.
Паводле словаў актывіста арганізацыі Антона Каліноўскага, сябры “Моладзі БНФ” “хадзілі па кватэрах кожны дзень з аркушамі папераў, казалі людзям пра тыя праблемы, якія існуюць, пра тое, што ўвосень будуць парламенцкія выбары, што гэтыя дэпутаты фактычна адмянілі ільготы для насельніцтва, фактычна душаць малы бізнес у краіне. А таксама што дэпутаты паламента могуць абараняць жыхароў сваіх акругаў і што гэта фактычна ёсць прадстаўнікі ўлады на месцах”.
Па словах Антона Каліноўскага, людзі мала інфармаваныя пра дзейнасць сваіх абраннікаў: “Абышлі больш за 500 кватэраў, і ў ніводнай кватэры не было ніводнага чалавека, хто б ведаў свайго дэпутата. Гэта нам паказала, наколькі важна правядзенне такой кампаніі, асабліва калі ўлічыць, што праз два месяцы, хутчэй за ўсё, будуць аб’яўленыя парламенцкія выбары”, - адзначыў Антон Каліноўскі.
Паводле моладзевага актывіста, стаўленне грамадзян да зборшчыкаў подпісаў было даволі прыязным: “Шмат людзей пазітыўна ставіліся да гэтага, прасілі паведамляць ім пра сустрэчу, пакінуць нейкія каардынаты. Некалькі дзядулек з вуліцы Усходняй увогуле сказалі, што пойдуць самі да дэпутата Крука патрабаваць, каб ён асабіста перад імі справаздачыўся, чаму ён ім скасаваў ільготы”.
Шмат непрыемных пытанняў
Як адзначыў яшчэ адзін сябра “Моладзі БНФ” Сяржук Карповіч, пытанняў да цяперашніх дэпутатаў, і не вельмі для іх прыемных, шмат: “Першае, што найбольш цікавіць насельніцтва, гэта ільготы, бо і студэнты, і пенсіянеры вельмі шмат страцілі. Другое пытанне – гэта калі яны летась адмянілі ільготы, то што нас чакае наперадзе, што наступнае мы страцім? І трэцяе пытанне – калі яны будуць балатавацца ў гэтым годзе, то з якой праграмай яны будуць ісці і што яны будуць абяцаць на гэты раз?”.
Подпісы ў Палату прадстаўнікоў маладзёны перадалі ў сераду. А ўжо ў чацвер дэпутат Сяргей Гайдукевіч, як ён сказаў “Нямецкай хвалі”, па ўрадавай лініі накіраваў свій адказ на імя сябра “Моладзі БНФ” Сяргея Карповіча.
“Паведамляю вам, што за апошні час, тры з паловай гады, дэпутат Гайдукевіч правёў 24 сустрэчы з выбаршчыкамі Кастрычніцкае акругі № 99. Гаворка ідзе не пра індывідуальныя сустрэчы, а пра арганізаваныя сустрэчы з людзьмі, якія ўвесь час падтрымлівалі са мною кантакты. Я поўнасцю азнаёміў выбаршчыкаў з праведзенай мною работай, а таксама прадаставіў вычарпальную інфармацыю па пытаннях, якія мне задавалі. Выбаршчыкі выказвалі мне падзяку за маю прынцыповую пазіцыю, за тое, што я не галасаваў за адмену ільгот…”
Стопрацэнтны кандыдат
Далей Сяргей Гайдукевіч нагадаў, што на лютаўскім з’здзе Ліберальна-дэмакратычнае партыі, якую ачольвае, ён быў адзінагалосна абраны кандыдатам на будучыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары: “Натуральна, найбліжэйшым часам у мяне будуь праходзіць сустрэчы, на якіх я буду не толькі рабіць справаздачы за сваю работу, але і агітаваць грамадзян галасаваць за мяне на будучых парламенцкіх выбарах. Графік сустрэчаў па раёне я з задавальненнем накіроўваю на ваш адрас, бо вельмі зацікаўлены, каб на мае сустрэчы прыходзіла як мага больш выбаршчыкаў. Гатовы сустракацца з усімі, заўжды і ў любы час!”
Сяргей Гайдукевіч нават выказаў падзяку маладзёнам за жаданне сустрэцца. “Таму што столькі разоў я прасіўся прыехаць на з’езд Беларускага народнага фронту альбо да Лябедзькі на АГП, кажу, ну, хаця б проста госцем, альбо запрасіце мяне, я адкажу на вашым з’ёздзе на ўсе пытанні, усё ж цікавы чалавек. Але баяцца, бо конь адразу пахіснецца. Таму я гатовы з усімі сустракацца і заўжды. Жыццё маё ў гэтым!”
Пустамесны піяр
Ні лідэр АГП Анатоль Лябедзька, ні першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка, як яны сказалі “Нямецкай хвалі”, не ведалі пра жаданне старшыні ЛДПБ выступіць на іх партыйных форумах. Па словах Вінцука Вячоркі,
“Першы раз чую, каб Гайдукевіч прасіўся ці звяртаўся з прапановай наведаць наш з’езд. Можна не сумнявацца, што, каб такая просьба ў любой форме паступіла, ясна, што мы б яго запрасілі, няма пытанняў. Іншая рэч, што нічога новага гэты чалавек не скажа, таму што ўсе мы ведаем, якую ролю ён выконваў у беларускай палітыцы. Відаць па ўсім, ён цяпер ужо перастае быць патрэбным сваім хлебадаўцам. Вось і спрабуе цяпер ствараць інфармацыйныя нагоды на пустым месцы”.