1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

1000 дзён за кратамі: што вядома пра Марыю Калеснікаву

4 июня 2023 г.

Роўна 1000 дзён Марыя Калеснікава знаходзіцца ў няволі. Больш за тры месяцы з ёй няма ніякай сувязі. Пра тое, што адбываецца з палітзняволенай, DW паразмаўляла з сястрой Марыі Таццянай Хоміч.

https://p.dw.com/p/4S7te
Таццяна Хоміч са здымкам Марыі Калеснікавай
Таццяна ХомічФото: Malte Ossowski/SVEN SIMON/picture alliance

Марыю Калеснікаву затрымалі 7 верасня 2020 года. 6 верасня 2021 года Менскі абласны суд прысудзіў яе да 11 гадоў турмы паводле трох артыкулаў КК Беларусі, абвінаваціўшы ў тым ліку ў змове з мэтай захопу ўлады. 28 лістапада 2022 года Марыя ў цяжкім стане трапіла з гомельскай калоніі №4 у рэанімацыю, ёй зрабілі аперацыю. У лютым гэтага года сувязь з Марыяй Калеснікавай цалкам знікла і не аднаўляецца ўжо больш за тры месяцы.

Пра сітуацыю палітзняволенай, стан яе здароўя і шляхі вызвалення беларускіх палітвязняў DW паразмаўляла з Таццянай Хоміч, сястрой Марыі, сябрам Каардынацыйнай рады і сузаснавальніцай Аб'яднання сваякоў палітвязняў і колішніх палітвязняў.

"Яна вельмі цяжка перанесла аперацыю"

DW: Калі апошні раз у вас была сувязь з Марыяй?

Таццяна Хоміч: Апошні ліст ад Марыі быў 15 лютага. Ліст быў да таты, вельмі кароткі, звычайная паштоўка. Яшчэ напачатку лютага адвакат сустракаўся з Марыяй, але пасля гэтага ўся камунікацыя знікла. Апошні званок быў яшчэ ў лістападзе мінулага года. Потым яна была на аперацыі і крыху больш за месяц - у шпіталі ў калоніі, тады яна не магла хадзіць на званкі. Калі яна ўжо выйшла са шпіталя і пачала працаваць, званкі усё адно не аднавіліся.

- Тады ж, у снежні, пасля аперацыі адбылася і сустрэча таты з Марыяй. Што тата распавядаў пра іх апошнюю сустрэчу?

- Гэта была кароткая сустрэча літаральна на 10 хвілінаў, калі тата змог пабачыць яе, паразмаўляць, дакрануцца і абняць. За ўвесь гэты час з яе затрымання такіх сустрэч не было - толькі праз шкло і на кароткі час, на гадзіну. Такіх сустрэч павінна быць некалькі на год, павінны быць доўгатэрміновыя сустрэчы, якія цягнуцца двое-трое сутак.

Марыя Калеснікава выступае з прамовай
Марыя КалеснікаваФото: Celestino Arce Lavin/ZUMA Wire/picture alliance

Тата казаў, што было бачна, як ёй цяжка, яна вельмі цяжка перанесла аперацыю. Яна вельмі схуднела, мы чулі, што яна згубіла каля 15 кілаграмаў, ежа ў калоніі ёй не падыходзіла. Канешне, Марыя была вельмі ўзрушаная і шчаслівая бачыць бацьку.

- А раней як часта атрымлівалася з ёй стэлефаноўвацца?

- Звычайна гэта было максімум два разы на месяц. Яшчэ ў мінулым годзе былі відэа-званкі, цяпер гэта здаецца неверагодным. За 2022 год было шэсць званкоў, калі мы маглі пабачыць адна адну. Канешне, гэта былі шчаслівыя, хоць і кароткія моманты. Але ў жніўні 2022 года Марыі сказалі, што ў калоніі больш такіх званкоў не будзе. Яшчэ пасля было літаральна пару відэа-званкоў з татам, але як бачым, цяпер увогуле ўся камунікацыя спынілася.

- Чым адміністрацыя калоніі патлумачыла сваё рашэнне?

- Ніякага тлумачэння не было.

- Пра што Марыя пісала ў апошнім сваім лісце?

- Як заўсёды, пісала, каб мы не хваляваліся за яе здароўе. Гэта Машына адметная рыса - заўсёды спрабуе падбадзёрыць, нягледзячы на ўсе выпрабаванні, праз якія яна праходзіць. Пісала таксама, што прымала яшчэ нейкія медыкаменты. Перадавала прывітанне ўсім родным, сябрам і блізкім, пісала, што ўсе заўсёды ў яе сэрцы, падбадзёрвала, што ўсё будзе добра.

- Наколькі часта раней прыходзілі лісты?

- Як Маша патрапіла ў калонію, спыніліся ўсе лісты ў бок сяброў, засталіся толькі ад самых блізкіх родных. Былі моманты, калі некалькі тыдняў не было ўвогуле лістоў. Апошнія паштоўкі і лісты, якія прыходзілі, былі вельмі кароткія. Маша пісала: "Тата, са мной усё ў парадку", "Тата, усё будзе добра".  

Отец Марии Колесниковой о письмах дочери из тюрьмы

"Гэта самыя сапраўдныя катаванні"

- Ці была інфармацыя пра Марыю ад тых, хто выходзіў з калоніі цягам апошніх месяцаў?

- Была навіна ў сакавіку, што, магчыма, Марыя знаходзіцца ў ПКТ, гэта памяшканне камернага тыпу кшталту камеры ў СІЗА. Тыя, хто там знаходзіцца, не працуюць. Звычайна туды змяшчаюць на некалькі месяцаў, тэрмін можа даходзіць нават да паўгода. Калі чалавек не працуе, камунікацыя мінімальная, амаль што ніхто яго не бачыць. Кожны дзень ёсць максімум 30 хвілін на шпацыр, змяншаецца колькасць грошай, якія можна патраціць у краме на дадатковыя прадукты. Нават харчаванне, якое атрымліваюць зняволеныя, таксама змяншаецца. І гэта вельмі крытычны момант для Марыі асабліва з яе здароўем.

Яна вельмі рана выйшла на працу, яшчэ 10 студзеня, крыху больш як праз месяц пасля аперацыі. Ёй патрэбнае нармальнае дыетычнае харчаванне. Я кансультавалася з дактарамі: звычайна пасля аперацыі з язвай трэба прымаць медыкаменты і прытрымлівацца адмысловай дыеты, павінна быць вельмі мяккая ежа. Тая ежа, якая была ў Марыі, ёй увогуле не падыходзіла. Цяпер ёй патрэбныя перадачы, але мы не можам нічога перадаць, таму што няма камунікацыі. Каб зрабіць перадачу, сам зняволены павінен ўзгадніць спіс прадуктаў у адміністрацыі калоніі. Нядаўна былі навіны, што здароўе Марыі пагоршылася, але мы не ведаем, якой даўніны гэтая інфармацыя. 

- Якая ўвогуле магла быць прычына язвы?

- Адна з прычын, якую я лічу верагоднай, гэта стрэс. У Марыі раней не было праблем з страўнікам, наколькі я ведаю. Перад гэтым яна 10 сутак знаходзілася ў ШІЗА. Гэта жахлівыя ўмовы, там вельмі халодна, немагчыма спаць. Канешне, у такой сітуацыі арганізм можа адрэагаваць любым чынам. Марыя казала, што ёй было дрэнна некалькі дзён запар перад аперацыяй, яна губляла прытомнасць, але ад адміністрацыі калоніі не было рэакцыі. Дачакаліся да такога крытычнага моманту, калі стаяла пытанне жыцця і смерці. 

- Адміністрацыя калоніі сцвярджае, што ад Марыі няма запыту на сустрэчу. Як вы думаеце, што стаіць за гэтай фармулёўкай?

- Мы чуем, што падобная сітуацыя адбываецца і з іншымі палітзняволенымі - Віктарам Бабарыкам, Сяргеем Ціханоўскім, Максімам Знакам, Алесем Бяляцкім, Мікалаем Статкевічам, Ігарам Лосікам. Гэтая хваля ізаляцыі накрыла найбольш вядомых палітвязняў з мэтай аказаць на іх ціск. Гэта самыя сапраўдныя катаванні - знікненне камунікацыі з знешнім светам, гэта ціск на іх, на родных. І з другога боку, я лічу, што гэта такая спроба, каб людзі забыліся на іх, каб пра іх больш не казалі. Але гэта працуе ў адваротны бок, насамрэч, гэта выклікае яшчэ больш пытанняў і прыцягвае яшчэ больш увагі да іх сітуацыі.

"Мы не маем права ахвяраваць іх жыццём"

- Вы цяпер уваходзіце ў Асацыяцыю сваякоў і колішніх палітвязняў. Чым яна займаецца?

- Нашая асноўная мэта - прыцягнуць увагу да сітуацыі, каб людзі пачалі выходзіць на волю. Прайшло амаль тры гады барацьбы, і мы разумеем, што трэба мяняць фокус на выратаванне і вызваленне людзей. Мы пастаянна на сувязі адно з адным, каб разумець, як мяняецца сітуацыя. Мы праводзім сустрэчы на міжнародным узроўні з дыпламатамі розных краін. Адно з асноўных патрабаванняў яшчэ з 2020 года - вызваленне ўсіх палітвязняў, але пры гэтым адна з мэтаў - ізаляцыя рэжыму. Гэта два падыходы, якія супярэчаць адзін аднаму. Ключы ад турмаў знаходзяцца ў руках беларускага рэжыму. У гэтай сітуацыі трэба рабіць усё магчымае, каб вызваляць людзей. Калі немагчыма вызваліць усіх адразу, то трэба спрабаваць вызваляць невялікімі групамі, бо ёсць людзі з вельмі цяжкім станам здароўя. Гады ідуць, і мы не маем права ахвяраваць іх жыццём і здароўем.

- Літаральна колькі дзён таму Польшча закрыла мяжу для фураў з Беларусі ў адказ на прысуд журналісту Анджэю Пачобуту. Ці на вашую думку гэта добрая стратэгія?

- Трэба спрабаваць розныя варыянты і глядзець, што працуе, а што не. Увядзенне такіх санкцый таксама дазваляе аказваць ціск. Самая важная задача - каб гэты працэс пачаўся, знайсці такія рычагі, якія працуюць. Магчыма, з аднаго боку гэта будзе ціск, з другога - прапановы.

- Ці трэба ісці на гандаль палітвязнямі?

- Я б не ўжывала ў адносінах да людзей слова "гандаль", гэта можна назваць абменам. У розныя моманты могуць працаваць розныя механізмы. Напрыклад, Наталлю Хершэ выпусцілі за саступку рэжыму. Магчыма, спрацуе і адмена санкцый. Канешне, трэба вельмі асцярожна глядзець, якія з санкцый можна адмяніць. Гэта патрабуе згоды ў грамадстве і сярод палітычных сілаў. Нам трэба міжсобку гэта абмяркоўваць і дамаўляцца, што прымальна, а што не.

- Як вы ацэньваеце працу еўрапейскіх структур у гэтым кірунку?

Таццяна Хоміч, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала на ўручэнні прэміі Карла Вялікага ў Аахене
Таццяна Хоміч, Святлана Ціханоўская і Вераніка Цапкала на ўручэнні прэміі Карла Вялікага ў АахенеФото: Malte Ossowski/SVEN SIMON/picture alliance

- Трэба глядзець перш за ўсё на вынік. Канешне, хацелася б больш дзеянняў і пошукаў варыянтаў. Мы бачым, што самыя жорсткія санкцыі былі ўведзеныя не за рэпрэсіі, не за палітзняволеных, а за саўдзел у вайне, мігранцкі крызіс, пасадку самалёта Ryanair. Мы павінны як мага больш прыцягваць увагу да гэтых тэмаў, пастаянна лабіяваць і адвакатаваць - апроч нас, беларусаў, гэтага ніхто не будзе рабіць. Часта кажуць, што сітуацыя ў Беларусі зменіцца пасля контрнаступу ва Украіне або як скончыцца вайна, але мы не маем права чакаць, трэба ўжо зараз шукаць шляхі вызвалення людзей. 

"Трэба быць у Беларусі, каб такое казаць"

-  Наколькі вашае жыццё памянялася з 2020 года?

-  Да сярэдзіны 2020 года я працавала бізнэс-аналітыкам у IT-кампаніі ў Беларусі, я не планавала з'язджаць. Але я з самага пачатку, з траўня 2020 года, далучылася да каманды Віктара Бабарыкі . І ў верасні 2020 года, калі Марыю арыштавалі, я цалкам пераключылася на гэты напрамак. На момант затрымання Марыі было 70 палітзняволеных, іх колькасць вельмі хутка расла. Я зразумела, што, знаходзячыся за мяжой, я павінна распавядаць і пра іншых, таму што вызваленне Марыі не прывяло б да вырашэння палітычнага крызісу.

Цяпер я працягваю гэтым займацца, а таксама вывучаю ў Парыжы ва ўніверсітэце SciencesPo правы чалавека і дыпламатыю, гэта адвакацыя на міжнародным узроўні, удзел у праваабарончых мерапрыемствах, каб утрымліваць сітуацыю з палітзняволенымі ў інфармацыйным полі. Цягам апошняга года гэта зрабілася больш складана з-за вайны ва Украіне. Нам усё цяжэй і цяжэй прыцягваць увагу да Беларусі, але ніхто гэтага не будзе рабіць апроч нас. 

- А як вы ставіцеся да крытыкі, якую можна чуць у Еўропе, што людзі ў Беларусі робяць недастаткова?

- Мне здаецца, што трэба быць у Беларусі, каб такое казаць, каб разумець, якая там сітуацыя. Вельмі дзіўна асуджаць людзей, знаходзячыся за межамі і не адчуваючы на асабістым вопыце кожны дзень, што там адбываецца, у якіх умовах людзі жывуць. 

Глядзіце таксама:       

Когда родители в тюрьме

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще