1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Як беларусу набыць кватэру за мяжой - тры гісторыі

20 марта 2023 г.

DW паразмаўляла з беларусамі, якія прыдбалі кватэры ў Нямеччыне, Польшчы і Славаччыне.

https://p.dw.com/p/4OjUZ
Будоўля ў Берліне
Фото: Stefan Boness/Ipon/imago images

Прадаць у Беларусі, набыць за мяжой - усё болей беларусаў прадаюць нерухомасць у Беларусі і набываюць жытло ў іншых краінах. DW распавядае тры гісторыі.

Чатырохпакаёўка за 700 тысяч еўра ў Берліне

Карына і Аляксей Стульнікавы працуюць у IT. Разам з гадавалай дачкой у 2017 годзе яны пераехалі з Менску ў Берлін, атрымаўшы там прапанову працы. "Пасля 2010-га мы вырашылі, што трэба з’язджаць, але нічога актыўна не рабілі. Калі нарадзілася дачка, мы сутыкнуліся з сістэмай (радзільны дом і і г. д.), і нам гэта вельмі не спадабалася", - распавядае Карына.

Кватэра Карыны і Аляксея
Кватэра Карыны і АляксеяФото: privat

Пазней яны прадалі сваю пабудаваную менскую кватэру і ў 2019-м набылі чатырохпакаёўку ў Берліне. Пры гэтым грошай з менскай кватэры хапіла толькі на аплату нямецкага натарыуса, першага ўнёску на будову кватэры і дадатковых выдаткаў. На ўсё астатняе давялося браць крэдыт. "Ніякіх праблем, што мы беларусы, тады не было, - узгадвае Карына. - Была праблема, што ў нас bluecard (сіняя або блакітная карта Еўразвязу - адмысловы дазвол на працу, які выдаецца высокакваліфікаваным спецыялістам - Рэд.), не ўсе банкі пагадзіліся даць крэдыт". Агулам Карына і Аляксей абышлі пяць банкаў і ў выніку атрымалі дзве прапановы крэдыту.

Карына з мужам і дачкой
Карына з мужам і дачкойФото: privat

Кватэру яны шукалі без рыэлтараў і ў новабудоўлі. "Мы вырашылі, што з старым будынкам могуць быць нейкія складанасці, якія ты не зразумееш адразу", - кажа Карына. У выніку спыніліся на чатырохпакаёвай кватэры з тэрасай побач з берлінскім раёнам Грунэвальд (Grunewald). Яе кошт - 700 тысяч еўра. "Мы хацелі вялікую кватэру, у нас ёсць дачка, і тады мы яшчэ не ведалі, што будзе ковід, рэвалюцыя і вайна, таму мы думалі, што да нас будуць часта прыязджаць бацькі, і нам быў патрэбен пакой для гасцей", - узгадвае Карына.

Летась сям’я пераехала ў гатовую кватэру. "Што здзівіла - як яны здаюць кватэру, усё гатова: вокны, муры, падлога. Калі ты заязджаеш, табе трэба толькі набыць мэблю. Яшчэ здзівіла, што вельмі доўга рабіць кухню, нам парэкамендавалі прыйсці і замовіць за год", - распавядае Карына.

Кватэра з рамонтам, мэбляй і арандатарам коштам менш за менскую

Алена (імя змененае - Рэд.) пераехала ў Варшаву вясной 2022 года. Праз некалькі месяцаў яна вырашыла прадаць сваю кватэру ў Менску. "Я яе здавала і атрымлівала прыбытак, гэта быў мой маленькі бізнес, але мне было складана на адлегласці кантраляваць стан кватэры і іншыя рэчы, - распавядае яна. - І паколькі я не планую вяртацца, то я проста захацела перанесці гэты бізнэс бліжэй да сябе". Цягам месяца яна прадала менскую аднапакаёўку і пачала глядзець прапановы ў Польшчы.

У Варшаве набыць кватэру за гэтыя грошы было немагчыма, таму Алена глядзела кватэры ў невялікіх гарадах. "Нечаканы момант быў у тым, што ў мясцовых рыэлтараў няма эксклюзіўнай базы, яны гэтак жа глядзяць і прапануюць кватэры з тых жа сайтаў, і гэта за вялікія грошы", - кажа Алена. У выніку праз два месяцы самастойных пошукаў яна знайшла кватэру з рамонтам, мэбляй і арандатарам нават за меншыя грошы, чым каштавала яе кватэра ў Менску.

Праўда, падчас праверкі дакументаў натарыусам яе чакала неспадзяванка: у кватэры быў прапісаны адзін з яе былых гаспадароў, які прадаў кватэру шмат гадоў таму. Добраахвотна выпісацца мужчына не пагаджаўся, патрабуючы выплаціць яму 10 тысяч злотых (каля 2 тысяч еўраў). Выпісаць яго магчыма было толькі праз суд, а паколькі гэта цягнулася некалькі месяцаў, у якасці кампенсацыі уласніца жытла прапанавала Алене дадатковую зніжку.

Яніна Корабава
Яніна КорабаваФото: privat

Паводле рыэлтаркі Яніны Корабавай з Познані, абмежаванняў для набыцця нерухомасці ў Польшчы для беларусаў няма. А вось для таго, каб набыць зямлю, спатрэбіцца дазвол МУС. "Гэты дазвол паводле закону чакаць каля 1-2 месяцаў, але на справе гэта можа цягнуцца вельмі доўга. Таму людзі лічаць за лепшае набываць такую нерухомасць на першасным рынку, калі дэвэлапер яшчэ будуе і гатовы пачакаць", - кажа Яніна.

У Польшчы сёлета стартуе новая дзяржаўная праграма "Крэдыт 2%", законапраект якой  ўрад падпісаў 14 сакавіка. Паводле рыэлтаркі, скарыстацца з ільготнага крэдыту змогуць тыя, каму няма 45 гадоў, "у каго няма нерухомасці ў Польшчы і ніколі не было". Верагодна, гэтая праграма распаўсюджваецца і на замежнікаў, якія стала жывуць у Польшчы. 

Крэдытныя стаўкі 1% гадавых

Марыя (імя змененае - Рэд.) жыве ў Славаччыне больш за 10 гадоў. У 2020 годзе яна вырашыла набыць кватэру, крэдытныя стаўкі складалі тады ў краіне каля 1%. "Амаль ва ўсіх маіх сяброў было сваё жытло, якое яны набывалі ў крэдыт. У мяне - як і ў значнай часткі беларусаў - быў страх, што гэта ланцуг на ўсё жыццё, непад’ёмная ноша", - распавядае Марыя.

Яна схадзіла на кансультацыю да фінансавага дарадцы, якая пасля дапамагала знайсці банк, што можа выдаць крэдыт. Паводле Марыі, банк цікавіў тып віду на жыхарства - часовы, сталы або грамадзянства, заробак за апошнія два гады, актуальная праца і тып кантракту. Дзяўчына якраз мяняла працу, таму кантракт у яе быў толькі на год, але ў выніку банк пагадзіўся даць крэдыт на 80% ад кошту кватэры пад 1,29% гадавых, якія праз год атрымалася знізіць да 1,05%. 

Цяпер сітуацыя на рынку нерухомасці ў Славаччыне вельмі змянілася, працэнтныя стаўкі складаюць каля 4-5% гадавых. "Як перастрахоўшчык, я ўзяла фіксацыю крэдытнай стаўкі на 10 гадоў. Мне ўсе казалі, што не трэба, усё так стабільна. І цяпер, калі некаторыя мае сябры кусаюць локці, бо прыйшла вайна, карона і працэнтныя стаўкі выраслі, я, канешне, вельмі шчаслівая, што прыняла такое рашэнне", - усміхаецца Марыя.

Дадаткова яна змагла скарыстацца з дзяржаўнай праграмы падтрымкі моладзі да 35 гадоў, дзякуючы якой на працягу пяці гадоў можна вяртаць палову ад сплачаных банку адсоткаў. "То бок я атрымоўваю ад дзяржавы дзесьці 270 еўра ў год за тое, што я маладая і не асабліва багатая ўзяла сабе крэдыт. Вельмі прыемны бонус", - смяецца дзяўчына.

Пошукі жытла зацягнуліся на пяць месяцаў. "Калі з’яўлялася нейкая цікавая кватэра, я праз 5 хвілін тэлефанавала і была ўжо дзясятая ў чарзе, каб яе паглядзець", - узгадвае Марыя. У верасні 2020 года дзяўчына падпісала паперы на кватэру непадалёк ад цэнтру ў адным з славацкіх гарадоў. "Канешне, было вельмі страшна, бо ўпершыню ў жыцці праз цябе праходзяць дастаткова вялікія сумы грошай. І баішся, каб гэта дзесьці не згубілася, каб усё было правільна падпісана, каб гаспадар сапраўды быў гаспадаром гэтай кватэры", - распавядае яна.

Цяпер штомесяц яна выплачвае каля 300 еўра. "Сапраўды магу казаць, што я не шкадую, бо разумею, што па-сутнасці цяпер я плачу тую ж суму, калі б я здымала аднапакаёўку. Таму атрымалася дастаткова выгадна", - падсумоўвае Марыя.

Глядзіце таксама:

Бегство от Лукашенко: новая волна эмиграции из Беларуси

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще