Amnesty International уключыла ў конкурс фільм беларускага рэжысёра
5 декабря 2008 г.Алег Дашкевіч у інтэрвью Deutsche Welle распавёў пра змест дакуметальнага фільма "Журналісты", прэзентаванага ў сталіцы Нідэрландаў: "Гэта фільм пра беларускіх журналістаў, іх працу, жыццё. Сярод герояў – вядомыя журналісты Святлана Калінкіна, Таццяна Снітко, Славамір Адамовіч, Павел Шарамет і іншыя. Усе героі прадстаўляюць незалежную прэсу".
Рэжысёр кажа, што вельмі хацеў, каб быў прадстаўлены і іншы бок беларускіх медыяў, але некалькі спробаў дамовіцца з журналістамі, якія працуюць на дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, ні да чаго не прывялі: былі напачатку згоды, але ў рэшце ўсе адмовіліся здымацца.
"Усіх аб’ядноўваюць праблемы, якія існуюць у краіне са свабодай слова, увогуле ў Беларусі існуе вельмі вялікая праблема, як уладкавацца на працу, таму што незалежных выданняў мала – іх час ад часу зачыняюць, але новыя не ўзнікаюць, існуе таксама і небяспека ў журналісцкай працы", - мяркуе Алег Дашкевіч.
У Амстэрдаме былі тры паказы, поўныя залі і вялікая цікаўнасць і ўласна да фільма, і ўвогуле да беларускай сітуацыі ў галіне свабоды слова, свабоды СМІ. Апроч таго, арганізацыя Amnesty International уключыла фільм у свой шорт-ліст, і ён будзе дэманстравацца на конкурсе, які праводзіць гэтая арганізацыя.
Па словах Алега Дашкевіча, таксама вялікую цікавасць у Амстэрдаме выклікаў і фільм "Галерэя Ады" беларускага рэжысёра Уладзіміра Коласа. (гк)