"Беларусь на целе": як беларусы выражаюць свой пратэст праз тату
Фотагалерэя DW – пра тое, як крэатыўна беларусы пратэстуюць супраць вайны і рэжыму Лукашэнкі.
"Гэта енк, гэта крык, што жыве Беларусь!"
"Жыве Беларусь!" - словы з верша Янкі Купалы зрабіліся ў Беларусі лозунгам пратэстаў супраць рэжыму Лукашэнкі. Летась Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прапанавала прыраўняць іх да "нацысцкай" сімволікі – поруч з бел-чырвона-белым сцягам. Паводле звестак праўладнага Беларускага саюзу журналістаў, адпаведны праект з пералікам такіх сімвалаў трапіў на ўзгадненне ў камітэт дзяржбяспекі.
Беларусь за кратамі
Больш за тысячу чалавек прызнаныя ў Беларусі палітычнымі вязнямі. Толькі па адміністратыўных справах цягам 2020-2022 гадоў у Беларусі затрымалі дзясяткі тысяч чалавек. 23.34 (цяперашні 24.23) – нумар артыкула Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях Беларусі, які датычыцца арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў. Паводле 23.34 у Беларусі асудзілі тысячы чалавек.
Героі Беларусі
У траўні 2021 года ў шклоўскай калоніі памёр палітзняволены Вітольд Ашурак, якога прысудзілі да пяці гадоў калоніі. Сваякам паведамілі, што прычына смерці – спыненне сэрца. Ягоная сяброўка Вольга Быкоўская зрабіла татуіроўку з выявай Вітольда: "Набіла, таму што майго сябра, Вітольда Ашурка забілі ў турме. [...] Гэта памяць пра Вітольда і адказнасць за тое, каб ягоная гісторыя не была забытая".
Антываенныя тату
У лютым 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, беларусы пачалі рабіць антываенныя татуіроўкі. Шмат хто з беларускіх тату-майстроў прыбытак за такія татуіроўкі ахвяруе на патрэбы Украіны. "Обійми" – цытата з песні ўкраінскага гурта "Океан Ельзи" "Коли настане день, закінчиться війна". "Калі няма слоў, застаецца толькі "Обійми", - кажа аўтарка тату Валерыя.
Эміграцыя і туга па Радзіме
Пачынаючы з 2020 года дзясяткі тысяч беларусаў з’ехалі з радзімы. Грузія, Украіна, Літва, Польшча – у гэтыя краіны пераехала больш за ўсё беларусаў. Перш за ўсё праз рэпрэсіі і пераслед у Беларусі, шмат на каго з іх заведзеныя крымінальныя справы. Толькі ў Польшчу са жніўня 2020 года прыехала больш за 20 тысяч беларусаў.
Разам і назаўжды
Рэпрэсіі з боку беларускіх уладаў закранулі шмат якія беларускія сем’і. Нямала дзяцей вымушаныя цяпер жыць без аднаго або двух бацькоў. Тыя, хто разам прайшоў праз рэпрэсіі, нярэдка робяць парныя татуіроўкі. "Спадзяемся хутка наш народ стане такі ж вольны, як гэтыя буслы!", - кажуць Уладзіслаў і Алена, якія зрабілі татуіроўкі напярэдадні гадавіны вяселля.
Графічныя сімвалы апазіцыі
Сэрца, кулак і "віктары" – сімвалы лідараў пратэсту 2020 года Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкала. Марыя Калеснікава, кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі, якая шмат гадоў жыла ў Нямеччыне, парвала свой пашпарт на мяжы, каб яе не вывезлі з Беларусі. Яе прысудзілі да 11 гадоў калоніі.
"Я - беларус, я ганаруся, што маю гэтае імя"
Так пісаў у 20-м стагоддзі беларускі класік Ніл Гілевіч. Падзеі 2020 года ў вялікай ступені паўплывалі на самаідэнтыфікацыю беларусаў. Усё больш людзей пачалі карыстацца беларускай мова ў сваім жыцці, цікавіцца беларускай культурай і гісторыяй.
Без узроставых абмежаванняў
Татуіроўкі робяць людзі самых розных узростаў. Ірыне 62 гады, яна зрабіла тату з буслам на грудзях: "Мая душа, як і мільёны іншых, разарвала ланцуг абыякавасці, маўклівага падпарадкавання, страху, хлусні, безнадзейнасці і вырвалася на волю. Яе ўжо не вярнуць у вязніцу. Калі падступае адчай і стамляецца цярпенне, я дакранаюся да бусліка і ўспамінаю тыя пачуцці".
"Я гуляю"
"Я гуляю", – так сказала 75-гадовая Ніна Багінская супрацоўнікам АМАПу, праходзячы праз іх ачапленне. Яна ўдзельнічае ў акцыях пратэсту ўжо больш за 30 гадоў, пра яе адважнасць пісалі шмат якія замежныя СМІ. Шмат для каго з беларусаў яна стала ўзорам, людзі па ўсёй краіне таксама штонядзелю выходзілі "гуляць" на акцыі пратэсту.
Традыцыйныя сімвалы Беларусі
Традыцыйны беларускі арнамент яшчэ да 2020 года быў папулярным матывам для татуіровак. Росквіт, краса, ураджай, агонь, душа, жыццё, зямля – кожны з сімвалаў увасабляе пэўную з’яву чалавечага жыцця. "Беларусь на целе" - праект журналісткі Яўгеніі Доўгай, якая ў інстаграме збірае пратэсныя тату беларусаў.