1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Лукашэнка кіруе ў Беларусі 30 гадоў: хто яго пераможа?

28 июня 2024 г.

Ціханоўская, Пазняк, Мілінкевіч і іншыя супернікі Лукашэнкі аб тым, чаму ім не ўдалося яго перамагчы і хто гэта зробіць.

https://p.dw.com/p/4heA7
Лукашэнка 30 жніўня 2020 года
Лукашэнка 30 жніўня 2020 года падчас масавых пратэстаў Фото: Press service of the President of the Republic of Belarus/dpa

На думку многіх, сумленнымі і свабоднымі выбары былі ў Беларусі толькі першы раз. Потым Лукашэнка змяніў Канстытуцыю, застаўся ва ўладзе на сем гадоў замест пяці, а ўсе наступныя выбары, на думку беларускай апазіцыі, ЗША і ЕЗ не адпавядалі дэмакратычным стандартам і праходзілі з парушэннямі.

У Беларусі 1994 года Лукашэнка быў апазіцыяй і прыйшоў да ўлады. У Беларусі 2024 года ён арыштаваў сваіх апанентаў ці прымусіў іх з'ехаць, а ў краіне душыцца любое іншадумства.

DW папрасіла галоўных супернікаў Лукашэнкі за гэтыя 30 гадоў адказаць на два пытанні: "Чаму вы не выйгралі ў год, калі выбіраліся?" і "Хто пераможа Лукашэнку?".

1994 год. Меркаванне Зянона Пазняка

Адным з першых і самых яскравых супернікаў Лукашэнкі стаў палітык Зянон Пазняк, адзін з заснавальнікаў Беларускага народнага фронту, кандыдат на першых у незалежнай краіне выбарах.

"Дрэнны вынік выбараў 1994 года быў забясьпечаны моцным ўплывам Расеі і яе ФСБ на старую камуністычную ўладу і на саветызаваны электарат Беларусі праз існуючую тады абсалютную сістэму гэбізаванага кіраўніцтва і інфармацыі, якая цалкам заставалася ў руках камуністычнай намэнклятуры. Плюс фальсіфікацыя галасоў супраць асноўнага апанэнта Масквы", - адказаў DW Зянон Пазняк. Нагадаем, у другі тур у 1994 годзе выйшлі Аляксандр Лукашэнка і Вячаслаў Кебіч.

Зянон Пазьняк, Варшава, 2013 год
Зянон Пазьняк, Варшава, 2013 годФото: Interpolit

"Задача гэтага тандэма была "не дапусьціць да ўлады кіраўніка БНФ Пазьняка (пра што пазьней Кебіч публічна засьведчыў). Пры ўсім напоры гэты план даў збой: у другі тур прайшоў Пазьняк і Лукашэнка. Гэта абазначала б паразу Лукашэнкі ў другім туры (ён ня меў праграмы, цянявога ўраду і траціў галоўны папулісцкі козыр - "антыкебіч"). Таму ўладамі была ўжытая фальсіфікацыя (зафіксаваная намі). Былі забраныя галасы ад Пазьняка, які рэальна набраў больш за 22% (пакінулі 12%) і далучаны да галасоў за Кебіча (забясьпечыўшы яму 2-е месца)", - напісаў Зянон Станіслававіч у адказ на першае пытанне. І дадаў, што выбары 1994 года на яго думку былі "самымі ганебнымі ў гісторыі Беларусі", таму што нацыя, "маючы кандыдата незалежнасьці, нацыянальнай пэрспэктывы і дэмакратыі", прагаласавала за "рэнегата, ненавісьніка незалежнасьці" і "шарлатана".

Хто пераможа Лукашэнку? У даўнішняга апанента беларускага дыктатара ёсць адказ: "Пры вольных дэмакратычных (не сфальсіфікаваных) выбарах Лукашэнку цяпер пераможа любы беларус і нават конь, і нават неадушаўлёны прадмет".

2006 год. Меркаванне Аляксандра Мілінкевіча

Аляксандр Мілінкевіч быў адзіным кандыдатам ад апазіцыі ў 2006 годзе. "Першае: мы не перамаглі, бо не мелі большасці. Мы набралі, як паказалі экзітполы, 22-25%, плюс Казулін - да 30% дэмакратыя набірала. І перамагла ўсё ж прапанова Лукашэнкі, бо гэта быў год дасягненняў яго эканомікі за кошт энерганосьбітаў і крэдытаў з Расіі. Мы ж казалі праеўрапейскія, прабеларускія лозунгі, а людзі баяліся яшчэ незалежнасці, думалі: "Яны хочуць інтэгравацца з Еўразвязам! Што там, мы не ведаем, а Расія трубу дае". Беларускае грамадства паступова ішло да сённяшняга стану сапраўднай нацыі. І другое: выбараў у 2006 годзе ўжо практычна не было, былі татальная фальсіфікацыі. Улада была аўтарытарная (зараз яна таталітарная)", - кажа Аляксандр Мілінкевіч.

Аляксандр Мілінкевіч
Аляксандр МілінкевічФото: Aureliusz M. Pedziwol/DW

Хто пераможа Лукашэнку? "Тут два пытанні - "як" і "хто". У гісторыі Еўропы было шмат дыктатур - у краінах Балтыі, у Польшчы, Партугаліі, Грэцыі. Яны адышлі самі. Бываюць і крывавыя рэвалюцыі, як у Румыніі. Пасля іх краіны доўга "хварэюць". А тыя, дзе дэмакратычныя сілы знайшлі паразуменне з наменклатурай, хутчэй ідуць наперад. І я б разважаў, не хто, а якая структура можа прыйсці. Не сумняюся, што калі Пуцін сыдзе, ФСБ застанецца пры ўладзе. А ў Беларусі, калі адыходзіць Лукашэнка, будзе раскол наменклатуры, частка захоча ў Расію, а частка - незалежную Беларусь. І калі на фундаменце незалежнасці дэмакраты аб’яднаюцца з гэтай часткай, то ў нас вялікія шанцы. Калі не, то будзе прадстаўнік крывавай наменклатуры, якая ведае толькі тэрор", - лічыць Аляксандр Мілінкевіч.

2010 год. Меркаванні Рымашэўскага, Міхалевіча, Раманчука

Выбары праходзілі 19 снежня. Упершыню кандыдатаў было дзесяць, і большасць адносіла сябе да дэмакратычнай апазіцыі. Калі абвясцілі 79% за Лукашэнку, у Менску прайшлі самыя масавыя на той момант паслявыбарчыя пратэсты - Плошча-2010. Сотні чалавек былі арыштаваныя, у тым ліку - большасць кандыдатаў.

Віталь Рымашэўскі
Віталь РымашэўскіФото: DW

Віталь Рымашэўскі быў збіты, дастаўлены ў СІЗА КДБ, пазней яму выставілі абвінавачанні ў арганізацыі "несанкцыянаванага масавага мерапрыемства", ён атрымаў два гады пазбаўлення волі ўмоўна. Пасля 2020 года жыве ў Польшчы.

"Абараніць вынік выбараў магла толькі гатоўнасць людзей да актыўнага супраціўлення. У 2010 годзе беларусы не былі гатовыя змагацца, - лічыць Рымашэўскі. - Хоць я думаю, што большасць падтрымала незалежных кандыдатаў. Адбылася Плошча-2010, але Лукашэнка кінуў сілавікоў на падаўленне пратэстаў і рэпрэсіі. Празмерная жорсткасць была звязана з асобай Лукашэнкі, з яго "крыўдамі" на кандыдатаў, на ЕЗ, які, як яму здавалася, падмануў яго".

Аляксандра Лукашэнку, на думку Рымашэўскага, пераможа беларускі народ. "У 2020 годзе грамадства ўжо зламала наратывы яго палітыкі, паказала банкруцтва ідэалагічнай сістэмы Лукашэнкі, - кажа ён. - Хто прыйдзе да ўлады, пакажа час. Пераходны перыяд і сцэнары змены ўлады могуць быць рознымі - і наменклатурная кандыдатура, і незалежны кандыдат на свабодных выбарах, і сілавая змена пры вызваленні Беларусі ад расейскіх акупантаў і дыктатарскага рэжыму. Але я ўпэўнены, што наступным сумленна абраным прэзідэнтам будзе кандыдат з асяродку беларускіх дэмакратычных сіл".

Кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч патрапіў у СІЗА КДБ увечары 19 снежня 2010 году, выйшаў праз два месяцы. Ён пакінуў Беларусь, папрасіў палітпрытулак у Чэхіі. У верасні 2015 года палітык вярнуўся, каб пакінуць краіну зноў пасля 2020 года.

Алесь Міхалевіч
Алесь МіхалевічФото: DW/E. Daneiko

"Апошняя рэальная магчымасць зняць Лукашэнку была ў 1996 годзе. Пасля гэтага любыя выбары былі толькі магчымасцю паспрабаваць змяніць канфігурацыю. Акрамя таго, 2010 быў пікам эканамічнага развіцця Беларусі, большасць грамадзян былі задаволены сваім матэрыяльным становішчам. Нядзіўна, што вялікага пратэснага галасавання не атрымалася, хаця я ўпэўнены, што Лукашэнка не набраў у першым туры 50%", - кажа Алесь Міхалевіч.

"Асноўная праблема Беларусі - не Лукашэнка, а наш усходні сусед. Лукашэнка трымаецца толькі на падтрымцы Расіі. І адказ на пытанне, хто б яго мог знішчыць: працэс паслаблення РФ", - сказаў DW Міхалевіч.

Эканаміст Яраслаў Раманчук у дзень выбараў таксама быў затрыманы. З 2021 года ён жыве ва Украіне. "У 2010 годзе не атрымалася з-за няздольнасці апазіцыі прыняць праграму, якая была б сапраўднай альтэрнатывай мадэлі савок/дзяржплан ад Лукашэнкі, - адказаў DW палітык. - Другая прычына - інтэлектуальная, духоўная лянота сярэдняга класа, тых людзей, якія пры Лукашэнку палепшылі матэрыяльнае становішча, зрабілі бізнесы і карʼеры. Інвеставаць у праект "Свабодная дэмакратычная Беларусь" яны не сталі".

Хто пераможа Лукашэнку? "Першы варыянт - Лукашэнку ліквідуюць тыя, хто 30+ гадоў падтрымлівае яго рэсурсна, інфармацыйна і фінансава, то бок Крэмль. Тады матэрыялізуецца пагроза дэ-юрэ паглынання Беларусі расійскай імперыяй. Другі варыянт - пасля паразы РФ у вайне Лукашэнка з бліжэйшымі членамі сям’і збяжыць на свой востраў у Экватарыяльнай Гвінеі. Гэта будзе акно магчымасцяў для дэмакратычных сілаў", - лічыць Раманчук.

2020 год. Меркаванне Святланы Ціханоўскай

2020 быў годам самых вялікіх пратэстаў у гісторыі незалежнай Беларусі. "Лукашэнка ўтрымаўся найперш дзякуючы Расіі, якая ў разгар пратэстаў прапанавала інфармацыйную, фінансавую і нават ваенную дапамогу дыктатару. Хутчэй за ўсё ўжо тады ў іх думках было выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як плацдарм для вайны. Цяпер Лукашэнка расплачваецца суверэнітэтам за тую падтрымку", - адказала DW лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў Святлана Ціханоўская. - Другая прычына, не адбылося расколу эліт. На бок беларусаў перайшлі некаторыя сілавікі, чыноўнікі, але большасць сядзела ціха. А гэта магло радыкальна памяняць сітуацыю".

Святлана Ціханоўская
Святлана ЦіханоўскаяФото: Sergei Gapon/AFP/Getty Images

Хто ж пераможа Лукашэнку? "Не прыйдзе месія і не выратуе нашую краіну. Адказнасць кожнага беларуса - быць уцягнутым у палітычную дзейнасць. Падпольна ці актыўна, ці быць хаця б інфармацыйна зацікаўленым, чытаць навіны, - лічыць Ціханоўская. - 2020 год стаў пераломным, Лукашэнка страціў падтрымку беларусаў. Ён будзе ўтрымліваць уладу любой цаной, але думаю, што пасля 2020 года пайшоў зваротны адлік дыктатара. Я не ведаю, калі прыйдуць перамены ці што будзе трыгерам. Магчыма, гэта будзе перамога Украіны. Але мы павінны быць гатовы і набліжаць гэты момант. Узмацняць супраціў, падтрымліваць рэпрэсаваных, падтрымліваць медыя, рабіць усё, што аслабляе Лукашэнку, дамагацца ізаляцыі рэжыму. Думаю, што тыя, хто працуе ў сістэме, таксама жадаюць змен, трэба працаваць з імі, каб каб у крытычны момант яны занялі правільны бок. Пасля 2020 года рэжым утрымаўся, але ён нашмат менш устойлівы, чым шмат каму здаецца".

 

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще