1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

За што беларускія добраахвотнікі змагаюцца ва Украіне?

Таццяна Невядомская
8 марта 2022 г.

Ва Украіне створаная беларуская рота тэрытарыяльнай абароны. Чаму беларусы едуць на вайну ў суседняй краіне? DW пагутарыла з некалькімі добраахвотнікамі.

https://p.dw.com/p/48A3G
Чалавек побач з аутаматамi
Фото: Depo Photos/ABACA/picture alliance

З першых дзён вайны беларускія добраахвотнікі ідуць змагацца за Украіну, некаторыя з іх далучыліся да першай беларускай роты тэрытарыяльнай абароны пры батальёне "Азоў" Нацыянальнай гвардыі МУС, хтосьці толькі рыхтуецца да адпраўкі ў Цэнтры дапамогі беларускім добраахвотнікам у Варшаве. DW сабрала некалькі гісторый.

Былы беларускі вясляр: "Не магу застацца ў баку"

 "Я люблю Украіну, мая жонка, чэмпіёнка і рэкардсменка свету па акадэмічным веславанні, фіналістка Алімпійскіх гульняў Алена Бурак - жыхарка Мікалаева.  24 лютагаяна прачнулася ад выбухаў - бамбілі мясцовы аэрадром. Я быў у Нью-Ёрку, атрымаў ад яе паведамленне, убачыў, што адбываецца, і вырашыў, што палячу абараняць Украіну. Абавязак кожнага мужчыны - бараніць сваю сям'ю, свой дом", - расказвае Павел Шурмей, былы беларускі вясляр, які выступаў на дзвюх Алімпіядах.

Павел Шурмей з жонкай
Павел Шурмей з жонкайФото: privat

Спартовец адзначае, што ніколі не меў ілюзіяў наконт рэжыму Лукашэнкі. У той жа час, на яго думку, беларусы і расейцы зрабілі недастаткова, каб перадухіліць вайну ва Украіне: "У тым, што зараз адбываецца ў Беларусі, тое, што там ва ўладзе Лукашэнка, тое, што адбываецца ў Расеі, і там ва ўладзе Пуцін, вінаватыя мы, беларусы і рускія. Мы не зрабілі ўсё, што маглі, каб сітуацыя не дайшла да такой гарачай фазы".

На момант гутаркі з DW Павел Шурмей знаходзіўся ў Варшаве, дзе сустрэўся з жонкай і рыхтаваўся накіравацца добраахвотнікам ва Украіну.

"На жонцы - яе маці, хросная дачка, сяброўка, яна іх везла з Мікалаева, калі б не яны, Алена засталася б у родным горадзе і, як магла, дапамагала б. Я б яе зразумеў, таксама яна разумее маё жаданне дапамагчы Украіне, я не магу застацца ўбаку, - распавядае Павел Шурмей. - У Варшаву прыбываюць беларускія добраахвотнікі, якія хочуць прыняць удзел у абароне Украіны ад расейскай агрэсіі. Цяпер вырашаюцца арганізацыйныя моманты, рыхтуемся да адпраўкі".

Цэнтр дапамогі беларускім добраахвотнікам працуе ў Варшаве

У Варшаве працуе Цэнтр дапамогі беларускім добраахвотнікам, якія жадаюць адправіцца ва Украіну. Па словах яго кіраўніка Паўла Кухты, з першых дзён вайны вялікая колькасць беларусаў вырашыла стаць на абарону Украіны, але патрапіць туды самастойна яны не маглі: "Мы вырашылі стварыць такі цэнтр, дзе прымаем добраахвотнікаў,  каб дапамагчы ім у перасячэнні мяжы, таксама збіраем амуніцыю, валанцёрскую дапамогу, грошы, каб адправіць хлопцам ва Украіну. Людзей звяртаецца шмат, колькасць ідзе на сотні, можа і да тысячы дайсці".

Павел Кухто
Павел КухтоФото: privat

Ва Украіне добраахвотнікі далучаюцца да беларускай роты тэрытарыяльнай абароны, створанай пры батальёне "Азоў" Нацыянальнай гвардыі  МУС. Яна прымае ўдзел у абароне Кіева. Павел не выключае, што з часам могуць сфармавацца беларускія падраздзяленні для абароны іншых рэгіёнаў.

Сам Павел таксама планаваў ехаць ва Украіну, але пакуль застаецца ў Варшаве, каб дапамагаць добраахвотнікам. "Я з 2016 года ваяваў за тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Усе беларусы, якія там былі, змагаліся не толькі за свабоду Украіны, але за свабоду Беларусі", - адзначае суразмоўца. Такая ж матывацыя і ў беларусаў, якія едуць туды цяпер.

Тым часам 4 сакавіка ва Украіне загінуў беларускі добраахвотнік, 27-гадовы Ілля Хрэнаў (пазыўны "Ліцьвін"). Іллю паранілі ў баі за Бучу, што недалёка ад Кіева, яму зрабілі аперацыю, але не выратавалі.

Добраахвотнік: "12-15 гадзін на блокпосце, але настрой бадзёры"

Да абароны Кіева далучыўся грамадскі актывіст Алесь Стральцоў, які незадоўга да вайны з’ехаў ва Украіну ад палітычнага пераследу ў Беларусі. "Я толькі з’ехаў ад рэжыму Лукашэнкі, а тут напаткала такая навала ў Кіеве. Шчыра кажучы, я ў магчымасць гэтай вайны абсалютна не верыў. Першыя два-тры дні быў шок, потым звязаўся з нашымі беларусамі ў "Азове", напачатку падвозіў ежу, ваду, валанцёрыў, потым сам пайшоў у тэрытарыяльную абарону", - распавядае добраахвотнік.

Алесь Стральцоў
Алесь СтральцоўФото: privat

Алесь прызнаецца, што ён ніколі не трымаў у руках зброю, не праходзіў ніякай вайсковай падрыхтоўкі, адзінае, перад вайной, каб пазбыцца псіхалагічных траўмаў з-за міграцыі, кожны дзень праходзіў каля дзесяці кіламетраў па Кіеве.

"Калі дзве ночы прастаяў на блокпосце па 12-15 гадзін, гэта фізічна цяжкавата. Рукі і ногі адвальваюцца, але настрой бадзёры. Калі адзіны дух і еднасць усяго грамадства, гэта заклад непераможнасці, - дзеліцца Алесь Стральцоў. - У нас вельмі моцныя пазіцыі. Калі Кіеў паспрабуюць штурмаваць,  ён стане для Пуціна Сталінградам".

Ва Украіне можа быць створаны легіён для вызвалення Беларусі

У складзе беларускай роты ва Украіне змагаюцца прадстаўнікі спартова-патрыятычнай арганізацыі "Белы легіён" (Арганізацыя была заснавана ў 1995 годзе і фактычна спыніла існаванне ў 00-ых. У 2017 годзе больш за 30 чалавек былі затрыманыя па гэтак званай справе "Белага легіёну", іх абвінавачвалі ў масавых беспарадках,  20 - яшчэ і па артыкуле аб незаконным узброеным фармаванні. У лістападзе 2017 справа была спыненая. - Рэд.). У асноўным, гэта сябры арганізацыі, якія на пачатак вайны былі ва Украіне.

Сяргей Бульба
Сяргей БульбаФото: privat

Кіраўнік "Белага легіёну" Сяргей Бульба не хавае, што часам украінцы з падазронасцю ставяцца да беларускіх добраахвотнікаў, бо Беларусь цяпер разглядаюць як краіну-агрэсара.

"У 2014, калі мы вазілі медыкаменты на фронт і ўкраінцы бачылі нашы беларускія пашпарты, яны пачыналі свяціцца ад радасці. Нядаўна мэр Жытоміра эмацыйна заявіў па тэлебачанні, што беларусы - ворагі, мы выйшлі на яго, патлумачылі, што не варта атаясамліваць  Беларусь і беларусаў з Лукашэнкам. Пасля размовы ён сказаў, што гатовы даць дабро на тое, каб з часам быў створаны беларускі батальён", - прыводзіць прыклад Сяргей Бульба. 

На яго думку, беларускія вайскоўцы не хочуць змагацца з Украінай і ў выпадку прамога ўступлення Беларусі ў вайну пачнуць масава пераходзіць на ўкраінскі бок.

"Лукашэнка гэта цудоўна разумее. Калі мы тут агучвалі, што з гэтых людзей будзе сфармаваны беларускі вызвольны легіён, у Менску адразу пачулі гэты сігнал. Ён (Лукашэнка) перад Пуціным кладзецца касцямі, каб не ўводзіць беларусаў ва Украіну, - адзначае кіраўнік "Белага легіёну". - Яшчэ да вайны мы паставілі пытанне перад генштабам Украіны і СБУ, каб беларускія вайскоўцы ў выпадку, калі іх будуць прымушаць ваяваць супраць Украіны, маглі падраздзяленнямі пераходзіць на яе бок. Гэта быў бы моцны палітычны крок".

Між тым, лідарка дэмакратычных сіл Беларусі Святлана Ціханоўская днямі аб’явіла антываенную мабілізацыю. Яе дзеянні прапісаныя ў Маніфесце Антываеннага руху, адзін з пунктаў якога тычыцца фармавання беларускага корпусу з добраахвотнікаў, якія гатовы бараніць украінскія гарады, быць медыкамі і лагістамі на баку Украіны.

Глядзiце таксама:

Что говорят белорусы о нападении России на Украину

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще