Акцыя "Маладога фронту" "Спяшайся рабіць дабро"
21 декабря 2008 г.Зарэгістраваны ў Чэхіі беларускі "Малады фронт" у мінулую суботу дабрачынным кірмашом, сродкі ад якога пойдуць у дзіцячыя дамы і школы-інтэрнаты для дзяцей-сірот, распачаў калядную кампанію "Спяшайся рабіць дабро". Акцыя прайшла ў сядзібе Беларускага народнага фронту. Цягам некалькіх тыдняў да суботняй імпрэзы актывісты "Маладога фронту", пераважна дзяўчаты сваімі рукамі выраблялі розныя сувеніры, вязалі шалікі і пальчаткі, майстравалі елачныя цацкі - усё гэта было выстаўлена і прадавалася на кірмашы.
Як адзначыла адна з арганізатараў акцыі Наста Палажанка, падрыхтоўка да гэтага каляднага фэсту ішла даволі складана, вымагала шмат часу. "Мы рабілі "складнік патрэбаў" па ўсіх дзіцячых дамах, абтэлефаноўвалі іх, заходзілі на іх сайты, і пасля гэтыя патрэбы мы размяшчалі ў інтэрнеце і заклікалі людзей прыносіць пэўныя рэчы", - паведаміла намесніца старшыні "Маладога фронту".
Па словах Насты Палажанкі, людзі, якія хацелі дапамагчы, прыносілі пэўныя рэчы па патрэбах, сродкі асабістай гігіены, кнігі, лялькі. "Яны маюць жаданне дапамагаць, накіраваць каму-небудзь сваю любоў, і мы даем гэтым людзям магчымасць рэалізавацца", - сказала актывістка.
Галоўнае – чалавечая цеплыня
Адкрываючы імпрэзу, лідэр маладафронтаўцаў Зміцер Дашкевіч падкрэсліў, што галоўнае – гэта не сабраныя грошы, якія будуць перададзены дзецям, і не цацкі ды іншыя падарункі.
"У першую чаргу, важна чалавечае цяпло, якога так не хапае дзеткам, што знаходзяцца ў школах-інтэрнатах. І калі калядныя святы, калядная ноч у кожнага асацыюецца з сям’ёю, з сямейным цяплом, то ў гэтых дзяцей, на вялікі жаль, не хапяе сем’яў, не хапае гэтага цяпла", - сказаў Зміцер Дашкевіч.
Таму, па словах юнака, з 25 снежня да 7 студзеня – ад каталіцкіх калядаў да праваслаўных маладафронтаўцы будуць наведваць дзіцячыя ўстановы ў Мінску і іншых гарадах Беларусі і перадаваць дзецям падарункі, сярод якіх - і дыскі з беларускай музыкай, казкамі, дзіцячымі мастацкімі і мультфільмамі, і нават аўдыёплэеры ды якасная вопратка.
Бы старэйшыя браты і сёстры
Па словах актывісткі арганізацыі Таццяны Шапуцькі, маладафронтаўцы яшчэ да гэтай імпрэзы наведалі асобныя дзіцячыя ўстановы. "Мы ўжо адносілі ў некаторыя дзіцячыя дамы кніжкі, у двух дзіцячых дамах прымалі іх з вялікай асалодай, дзеці былі вельмі рады, бо такіх кніг вельмі бракуе, – кажа дзяўчына. - У адным дзіцячым доме нам адмовілі ў сустрэчы з выхаванцамі, сказалі, што менавіта ў гэты дзень у дзяцей пачаўся каранцін, але самі выхавацелі ўсё прымаюць з вялікім задавальненнем, ім прыемна адчуваць, што хтосці звяртае на іх увагу, бо зараз многія дзіцячыя дамы знаходзяцца ў заняпадзе".
На дабрачынным кірмашы былі не толькі маладзёны, але і людзі старэйшага пакалення. "Дужа прыемна тут, так па-сямейнаму, аўра, як цяпер кажуць, такая дадатная, - сказала жанчына пенсійнага веку. - Вельмі кранальна, што яны, як старэйшыя браты і сёстры, робяць нешта прыемнае і добрае для гэтых бедных дзетак".
Арганізатары дзякавалі прысутных за ахвяраванні і частавалі ўсіх гарбатай з печывам і цукеркамі. Пры канцы імпрэзы перад гасцямі і ўдзельнікамі выступілі гомельскі бард Андрэй Мельнікаў і вядомы рок-музыкант Піт Паўлаў.
Генадзь Канстанцінаў