Беларуская прэм’ера “Дня волі”
27 августа 2008 г.Першы паказ стужкі “Дзень волі” адбыўся ў сакавіку 2008 ў рамках “Беларускага тыдня” у Еўрапейскім Парламенце. Арганізатарам паказу фільма ў Беларусі выступіла культурніцкая камісія Беларускага народнага фронту.
Кароткачасовая незалежнасць
Адкрываючы вечарыну, кіраўнік камісіі Франак Вячорка адзначыў: “У 1990-м годзе ў нас з’явіўся шанец на вяртанне нашай уласнай Беларусі, і 25 жніўня 1991 года мы канстытуцыйна замацавалі гэтае права. І таму сённяшні паказ фільму “Дзень волі” прымяркоўваецца да 90-га юбілею Беларускай Народнай Рэспублікі, а таксама да 17-х угодкаў з дня 25-га жніўня 1991 года”.
Сам фільм грунтуецца, у асноўным, на архіўных матэр’ялах і распавядае пра тое, як узнікла ў 1918 годзе Беларуская Народная Рэспубліка, чаму яна не знайшла апірышча ў так званых еўрапейскіх гарантаў, засяроджаных выключна на сваіх хвілінных інтарэсах, у выніку чаго БНР праіснавала лічаныя месяцы і апынулася захопленай бальшавіцкай Расіяй.
“Дата 25 сакавіка 1918 году, безумоўна, галоўная дата нашай гісторыі ў ХХ-м стагоддзі, гэта дзень, калі беларусы зноў сталі народам дзяржаўным, гэтым разам ужо пад сваім сучасным імем, - падкрэсліў аўтар сцэнару Уладзімір Арлоў. – Гэты дзень, безумоўна, будзе ў той Беларусі, пра якую мы марым, дзеля якой жывём, галоўным дзяржаўным святам”.
Вяртанне трагічнай мінуўшчыны?
Ад падзеяў пачатку мінулага стагоддзя аўтары плаўна пераходзяць да дня сённяшняга, звяртаючы ўвагу гледача на тое, што ідэі БНР актуальныя і цяпер, прыкладам чаму – фільмовае адлюстраванне сакавіцкіх падзеяў 2006 году на Кастрычніцкай плашчы, акрэшчанай Пляцам Каліноўскага ўдзельнікамі намётавага гарадку, зладжанага адразу пасля прэзыдэнцкіх выбараў на знак пратэсту супраць фальсіфікацыі іх вынікаў. Сёння, паводле Уладзіміра Арлова, стужка набыла яшчэ большую актуальнасць.
Гэты фільм не толькі пра тое, што было на пачатку ХХ-га стагоддзя, але пра тое, што цяпер, хаця ў нейкай іншай форме, паўтараецца. Калі Расія набірае цягліцы, дзякуючы нафтадоларам, пачынае імі гуляць, уводзіць танкі, зноў паўстаюць праблемы незалежнай будучыні дзяржаваў, якія ўтварыліся на тэрыторыі Савецкага Саюза”.
Як адзначае пісьменнік, “на жаль, хацелася б нам таго ці не, як у той сітуацыі на пачатку 20-х гадоў, так і ў цяперашняй сітуацыі вельмі шмат залежыць якраз ад падтрымкі, ад прызнання і поглядаў нашых далёкіх і блізкіх еўрапейскіх суседзяў і вялікіх дзяржаваў”.
Тыя, хто прагледзеў фільм “Дзень волі”, пераважна былі задаволеныя, хаця і гучэлі некаторыя крытычныя заўвагі. А рэжысёр стужкі Юры Хашчавацкі, кажучы пра мэты фільму “Дзень волі”, адзначыў агоную асветніцкаю ролю: “Калі не лічыць беларусаў, беларускіх грамадзянаў быдлам, то варта шмат займацца і такой асветніцкай дзейнасцю, карпатліва і ўпорна. Асветніцкая функцыя – яна таксама вельмі важная, а магчыма, і самая важная для нашых людзей”.