1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Вайсковыя ўражанні "дзеда" Жалезнічэнка

9 апреля 2009 г.

Пасля 14 месяцаў службы ў войску прыйшоў дахаты на адпачынак Зміцер Жалезнічэнка. Як лічаць праваабаронцы, з гэтага гомельскага актывіста моладзі БНФ распачалася практыка так званага палітычнага прызыву.

https://p.dw.com/p/HT1V
Зміцер ЖалезнічэнкаФото: Nikolai Masjuk

Зміцер Жалезнічэнка прыйшоў дахаты на адпачынак з войску. Ужо больш за год апазіцыйны актывіст служыць у транспартных войсках у Жлобіне. З таго боку КПП засталіся грамадская дзейнасць, двухразовае адлічэнне з Гомельскага дзяржаўнага універсітэта, суды, галадоўка пратэсту.

Служба, як у сне

Тэрмін вайсковай службы былога студэнта-выдатніка сканчаецца гэтым летам – 25 ліпеня. А пакуль Жалезнічэнка прыехаў на 10-дзённы адпачынак у родны Гомель. За час знаходжання ў войску Зміцер набыў мужны знешні выгляд і філасофскае стаўленне да жыцця. Актывіст не хавае, што служба для яго – гэта "летаргічны сон".

"Я ўвогуле не асацыюю сябе з войскам, спрабую пра яго не думаць, а думаю пра сваё – пра тое, што ў мяне на волі засталося", - дзеліцца ўражаннямі Зміцер Жалезнічэнка. Сваю свядомасць ён нагружае чытаннем газет і кніг, якія чытае кожную вольную хвіліну.

Актывіст так і не прыняў прысягу, але вялікіх адрозненняў у параўнанні з іншымі вайскоўцамі не адчувае. Яго не дасылаюць у нарады са зброяй, але ўначы ён ходзіць у пажарны нагляд з процівагазам. А таксама ў сталоўку мыць посуд і падлогу.

Сябры і паплечнікі прывозяць Жалезнічэнку незалежную прэсу і кнігі, і гэта дапамагае актывісту быць у курсе падзей. Саслужбоўцы, по словах Зміцера, на палітзанятках чытаюць альбо "Савецкую Беларусь", альбо "Вайсковую газету". Для сябе ў асноўным яны глядзяць кліпы па DVD ці чытаюць "Касмаполітэн".

Пачынальнік "палітычнага прызыву"

Зміцер Жалезнічэнка стаўся першым, хто быў прызваны ў войска, як кажуць праваабаронцы, па палітычных матывах. Для астатніх апазіцыянераў-вайскоўцаў ён з’яўляецца ўжо "дзедам" і дзеліцца з імі сваім досведам праз лісты.

Зміцер прызнаецца, что пакуль не адчувае, што Еўропа разглядае яго і іншых хлопцаў, якія апынуліся ў такіх жа варунках, як разменную карту. Сваю думку актывіст выказаў і датычна цяперашніх стасункаў Беларусі і Еўрапейскага Звязу.

"Асабіста я прытрымліваюся такой пазіцыі, што Беларусь перад Еўрапейскім Звязам не расчыніцца. Палітыка, якая зараз вядзецца, гэта палітыка "дзень пратрымацца і ноч прастаяць", атрымаць дадатковыя крэдыты, а рэальнага паслаблення не адбываецца", - лічыць актывіст.

Людзі жывуць і так

Свае планы на будучыню Зміцер Жалезнічэнка звязвае перадусім з працягам вучобы па сваёй асноўнай спецыяльнасці – праграмаванні. Цяпер ён шукае варыянты, сярод якіх разглядае і вучобу за мяжой. Пра палітычную дзейнасць маладзён выказваецца асцярожна і плануе засяродзіцца на культурніцкіх праектах.

Наконт уражанняў пад час адпачынку ён кажа, что проста радуецца, што ў людзей усё добра. "Мы думаем пра тое, што нас ціснуць і прыніжаюць. А шмат хто над гэтымі пытаннямі не задумваецца. Звычайныя людзі не маюць шэрагу свабод, але яны пра іх і не ведаюць. Ну і жывуць сабе без лішніх праблем", - разважае Зміцер.

Аўтар: Мікалай Масюк

Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще