1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Закон што дышла

Генадзь Канстанцінаў

Новы Закон аб СМІ, які днямі мусіць прыняць Палата прадстаўнікоў, істотна ўкладняе жыццё журналістаў. Пра гэта ў чацвер на прэс-канферэнцыі казалі кіраўнікі БАЖ.

https://p.dw.com/p/EIeH
Фото: DW

Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна адразу адзначыла, што гэты законапраект "распрацоўваўся ў закрытым рэжыме”. Па яе словах, да распрацоўкі законапраекту не былі прыцягнутыя ні айчынныя, ні замежныя незалежныя спецыялісты.

“Прадстаўнікі нашай улады не аднойчы агучвалі сваю гатоўнасць накіраваць законапраекты, якія тычацца сродкаў масавай інфармацыі, на экспертызу еўрапейскім экспертам. Калі афіцыйны Мінск сёння сапраўды думае пра дыялог, пра наладжванне адносінаў з еўрапейскімі краінамі, з еўрапейскімі інстытутамі, то трэба, каб гэтыя абяцанкі таксама былі выкананыя”.

Негатыву больш чым пазітыву

Паводле намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, адмоўнага ў законапраекце значна больш за станоўчае: “Прадпрымальнікі зараз не змогуць выступаць у якасці рэдакцый сродкаў масавай інфармацыі, такое права нададзена толькі юрыдычным асобам; уводзіцца абмежаванне на замежны капітал у статутных фондах рэдакцый СМІ трыццаццю адсоткамі; распаўсюд прадукцыі замежных СМІ патрабуе атрымання дазволу, Мінінфарм распрацоўвае адзіную форму журналісцкага пасведчання”.

Ёсць яшчэ цэлы шэраг новаўвядзенняў, якія ўскладняюць працу журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, з шасці месяцаў да году павялічаны перыяд, цягам якога СМІ абавязаныя захоўваць арыгіналы распаўсюджаных матэр’ялаў. Забараняецца скажэнне агульнапрынятых нормаў мовы, ажыццяўленне прафесійнае дзейнасці журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі без акрэдытацыі. Таксама ўводзіцца палажэнне аб адказнасці СМІ за распаўсюд недаставернай інфармацыі, якая можа нанесці ўрон дзяржаўным і грамадскім інтарэсам і гэтак далей.

Законапраект дае вызначэнне СМІ як “формы перыядычнага распаўсюду масавай інфармацыі з выкарыстаннем друку, тэлерадыёвяшчання, глабальнай кампутарнай сеткі інтэрнет”. Правам вызначэння парадку распаўсюду СМІ праз інтэрнет надзяляецца Савет міністраў. Як адзначыў юрыст цэнтру прававой абароны СМІ пры БАЖ Юры Тапарашаў, “гэта абсалютна ненармальная з’ява, калі вельмі востры бок інфармацыйнае дзейнасці будзе рэгуляваць кабінет міністраў, то бок чыноўнік, без усялякага ўмяшальніцтва заканадаўцаў”.

Неабходная прафесійная кансалідацыя

Жанна Літвіна падкрэсліла, што “пытанне, звязанае з бяспекай-небяспекай сённяшняй улады, - гэта абарачэнне інфармацыі ў інтэрнеце. Для мяне жаданне кантраляваць інтэрнет – яшчэ адное пацверджанне, што палітыка ўлады ў дачыненні да сродкаў масавай інфармацыі, асабліва незалежных, застаецца вельмі жорсткай. Яна паслядоўная, асэнсаваная. І менавіта ў гэтай сітуацыі, у гэтыя дні нам неверагодна патрэбная прафесійная кансалідацыя”.

Пры канцы Жанна Літвіна заявіла: “Мы звернемся да кожнага дэпутата ніжняй палаты Нацыянальнага сходу, каб яны паспрыялі таму, каб законапраект быў надрукаваны ў рэспубліканскіх дзяржаўных газетах. Другое: мы патрабуем шырокай дыскусіі і шырокага абмеркавання тых нормаў, якія ўжо сёння ёсць у законапраекце. Мы нагадаем дэпутатам пра тую адказнасць крокаў, якія яны зробяць падчас галасавання за гэты законапраект”.

тым часам, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец падкрэсліў, што ў законапраекце ёсць і некаторыя станоўчыя моманты, напрыклад, тое, што інтэрнэт-варыянты зарэгістраваных у Міністэрстве інфармацыі друкаваных СМІ не падлягаюць асобнай рэгістрацыі. Апроч таго, “у законапраекце адсутнічае ўзгадненне размяшчэння СМІ з мясцовымі ўладамі для рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі. Раней гэтую прыступку не маглі прайсці большасць патэнцыйных заснавальнікаў СМІ. Прычым абскардзіць дзеянні мясцовых уладаў у судовым парадку таксама было немагчыма. Але дадам, што няма гарантыяў, што яно не з’явіцца падчас абмеркавання законапраекта ў парламенце”.