Збор подпісаў у рэгінах суправаджаецца ціскам з боку ўладаў на сябраў ініцыятыўных групаў апанентаў А. Лукашэнкі
У штабах прэтэндэнтаў на прэзідэнта цвердзяць, што збор подпісаў у рэгіёнах суправаджаецца ціскам з боку ўладаў на сябраў ініцыятыўных груп апанентаў Аляксандра Лукашэнкі. У Гомлі пастаянна працуе сем пунктаў збору подпісаў за Аляксандра Мілінкевіча. Таксама яны ёсць у такіх раённых гарадах як Жлобін, Рагачоў, Рэчыца, Мазыр, Калінкавічы і Светлагорск. Але асноўным спосабам збору подпісаў застаецца абыход кватэраў. Падчас Калядаў ня ўсе ахвотна адчыняюць дзверы, а некаторыя прымаюць зборшчыкаў за калядоўнікаў. Паводле кіраўніка Гомельскага абласнога штабу Мілінкевіча Ўладзіміра Кацоры ў Калінкавічах міліцыянты затрымалі двух сябраў ініцыятыўнай групы, адвезлі ў аддзел міліцыі і патрабавалі паказаць падпісныя лісты, а ў Гомлі зборшчыка подпісаў Змітра Скрабава збілі невядомыя каля аднаго з пад’ездаў і ён цяпер знаходзіцца ў лякарні. Апроч такіх выпадкаў, адбываецца ціск на зборшчыкаў, якія маюць месца працы ў дзяржаўных установах. Іх прымушаюць выйсці з ініцыятыўнай групы.