1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Моладзевых актывістаў выключаюць з ВНУ

Генадзь Канстанцінаў11 апреля 2008 г.

З гістфака БДУ адлічаны шасцікурснік, намеснік старшыні “Маладых дэмакратаў” Аб'яднанай грамадзянскай партыі М. Пашкевіч, а з БДЭУ збіраюцца выгнаць студэнтку трэцяга курса, актывістку “Маладога Фронту” М. Атакулаву.

https://p.dw.com/p/Dg4o
Фото: AP

Міхаіла Пашкевіча выключылі з БДУ ўжо другім разам. Пасля першага моладзевыму актывісту ўдалося аднавіцца. Цяпер жа юнаку заставалася толькі два крокі да атрымання вышэйшай адукацыі – здаць рэшткі залікаў і абараніць дыпломную працу. Гэтага кіраўніцтва БДУ Пашкевічу зрабіць не дало.

Як распавёў DW-RADIO цяпер ужо былы студэнт, разам з юрыстам Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргеем Альферам яны наведалі дэкана факультэта Сяргея Ходзіна, гутарка з якім доўжылася каля гадзіны, але вынікаў не дала. “Дэкан проста паказаў рукамі на рэктарат, сказаў, што да, сітуацыя мае шмат пытанняў, але вырашае іх ужо не ён”, - адзначыў Міхаіл Пашкевіч.

Ніякага плёну не дало і яго наведванне прарэктара БДУ Уладзіміра Клюні: “Ён прачытаў маю заяву і адразу адказаў: ведаеце, не далей, як хвілінаў 5 – 10 таму я падпісаў загад аб вашым адлічэнні і мяняць яго не збіраюся”.

Палітычныя складнікі

Спадар Клюня параіў зарэгістраваць запыт у вызначаным парадку і ў такім жа парадку два-тры тыдні чакаць афіцыйнага абгрунтавання адлічэння маладзёна з універсітэта. Паводле Міхаіла Пашкевіча, яму неаднойчы наўпрост казалася, што з-за актыўнай грамадскай дзейнасці ў яго могуць узнікнуць праблемы.

“Мне казалі: малады чалавек, прыпыняй сваю дзейнасць, ніякіх захадаў на 25 сакавіка, ніякіх заявак на “Чарнобыльскі шлях”, ніякай дзейнасці ад імя АГП. Але гэта неяк дзіўна, больш за тое, я ўжо быў адлічаны, і баяцца другаснага адлічэння было б, насамрэч, дзіўна. Паглядзім, я думаю, мы з прадстаўнікамі універсітэта сустрэнемся ў судзе”, - распавядае Міхаіл Пашкевіч.

У тым, што студэнта адлічылі не проста па фармальных прычынах, упэўнены і юрыст АГП Сяргей Альфер. На яго думку, тут абавязкова ёсць палітычны падтэкст. “Таму што, на маёй памяці, каб на апошнім курсе адлічалі студэнта, бывае вельмі-вельмі рэдка. Увогуле адміністрацыя прыхільна ставіцца да таго, каб студэнт закончыў сваю адукацыю і выйшаў гатовым спецыялістам, а не адлічаць яго за паўгода да заканчэння”, - лічыць юрыст Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Міхаіл Пашкевіч вырашыў прайсці ўсе інстанцыі, каб дабіцца справядлівасці, але гэта, па словах актывіста, не будзе проста помстаю за адлічэнне з гістфаку: “Я падкрэсліваў і ў размовах са сваімі былымі калегамі па універсітэту, і з прадстаўнікамі універсітэта, што я ваюю не асабіста з імі, я ваюю з сістэмай. Насамрэч, проста цярпець мне надакучыла. Трэба мяняць сітуацыю ці хаця б расставіць кропкі над “і”.

Паспяховая вучоба – не галоўнае

Аналагічны лёс можа напаткаць актывістку “Маладога Фронту”, студэнтку трэцяга курса Беларускага дзяржаўнага эканамічнага універсітэта Маўлюду Атакулаву, якую літаральна ў сераду аштрафавалі на буйную суму за ўдзел у пікеце ля полацкага гарадскога суда пад час крымінальнага працэсу над яшчэ адной актывісткай арганізацыі Касяй Салаўёвай.

“Учора, калі я прыйшла на заняткі, мяне адразу выклікалі ў дэканат і папярэдзілі, што, хутчэй за ўсё, я буду адлічаная з універсітэта, маўляў, у мяне былі пропускі па непаважнай прычыне. Папрасілі маю старасту скласці табліцу маіх пропускаў, і атрымалася, што ў мяне за цэлы навучальны год прапушчана толькі трынаццаць пар. Але, улічваючы ўсе мае затрыманні і адсідкі, мне ў дэканаце сказалі, што гэта было ў апошні раз”, - распавядае Маўлюда Атакулава.

Сапраўды, моладзевая актывістка за ўдзел у вулічных акцыях дэмсілаў шматкроць трапляла за краты, падвяргалася буйным грашовым штрафам, што, аднак, не перашкаджала ёй заставацца паспяховай студэнткай.

Бывай, школа?

“Зразумела, што выключэнне, калі яно адбудзецца, то яно адбудзецца менавіта з-за маіх такіх вось меркаванняў, з-за маёй актыўнай грамадзянскай пазіцыі. Таму што вельмі шмат людзей прагульваюць значна больш, чым трынаццаць пар за год. Я заўсёды паспяхова здаю сесію, у мяне ніколі не было ніякіх пазыкаў, таму гэта будзе проста “ліпавая” нагода”, - гаворыць студэнтка Маўлюда Атакулава.

Пад “скарачэнне” можа патрапіць і вучаніца 11-й клясы 37-й мінскай школы, намесніца старшыні “Маладога Фронту” Наста Палажанка. Яе бацьку днямі выклікалі на размову да дырэктара, падчас якой дзяўчыне было прапанавана напісаць заяву аб добраахвотным сыходзе з установы, але зрабіць гэта яна адмовілася. “На мінулых тыднях у школу прыходзілі "кадэбісты", якія знаёмілі дырэктара з маёй дзейнасцю”, - зазначыла Наста Палажанка. Актывістка мяркуе, што на дырэктара проста націснулі, каб ён выключыў яе са школы. Нагадаю, што ў мінулым траўні актывістка “Маладога Фронту” была пакараная буйным штрафам па крымінальнай справе за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

"Паліцэйская дзяржава дзейнічае"

Як адзначае Гары Паганяйла - кіраўнік юрыдычнай камісіі Беларускага Хельсінскага камітэту, які наўпрост займаецца праблемамі пераследу вучнёўскае моладзі, “паліцэйская дзяржава, яна створаная, яна ўмацоўваецца, яна існуе і дзейнічае. Яны цудоўна разумеюць, што трэба зацкаваць менавіта моладзь. Моладзь выяўляе сябе сёння найбольш актыўнай і найбольш эфектыўнай часткаю грамадзянскай супольнасці.Таму і робяцца такія “драконаўскія” захады. Гэтая частка моладзі свядома выказвае сваю грамадзянскую пазіцыю і яна застанецца гэтакай, і ніякія рэпрэсіі яе не спыняць. І гэта радуе!”