Новая акцыя БРСМ выклікала палеміку сярод недзяржаўных арганізацыяў Магілёўшчыны
13 октября 2008 г.Робяць свой PR
Новая ініцыятыва БРСМ-аўцаў выклікала палеміку сярод іншых моладзевых арганізацыяў. Недзяржаўныя грамадскія аб’яднанні існуюць у цяжкіх умовах без аніякай падтрымкі. У той жа час, праўладная арганізацыя выкарыстоўвае бюджэтныя грошы. Кіраўнік Магілёўскай суполкі “Моладзі БНФ” Эдуард Баравікоў быў расчараваны метадамі правядзення ў прынцыпе слушнай акцыі:
"Наконт БРСМ, мне падаецца, гэта больш паказуха – яны робяць свой PR на тым, што народу даўно вядома. На мой погляд, і гэта пазіцыя нашай арганізацыі, каб паменшыць “сквернословие” трэба пераходзіць на беларускую мову. Іншага выйсця я не бачу".
Беларуская мова, як выйсце?
Моўнае пытанне выклікала дыскусіі і ў самім дэмакратычным асяроддзі. Лідар мясцовай арганізацыі “Грамадзянскі форум” Юрый Стукалаў са сваім калегай пагадзіўся толькі часткова, затое ацэнкі акцыі БРСМ супалі:
"Трэба пераходзіць на беларускую мову, але праблема мата ў сувязі з пераходам на беларускую мову не вырашыцца, будуць выкарыстоўваць мацерныя словы з расейскай мовы. Нажаль, гэта так. Трэба праводзіць нейкія дэбаты, праводзіць лекцыі па рыторыцы. У “Грамадзянскім форуме” ёсць такая праблема. Думаю, што БРСМ недарма ўзняў гэтую тэму. Іншы момант, што пра гэта ніхто не ведае. Калі шэраговыя сябры гэтай арганізацыі нічога не ведаюць пра акцыю, значыць гэта паказуха".
Эфектыўнасць папярэдняй акцыі была нулявая
Найбольш за ўсіх здзівіў лідар Студэнцкага прафсаюза Станіслаў Кавалеўскі. Па-першае, ён быў адзіным, хто ведаў пра мерапрыемствы, а па-другое, ён адмыслова сочыць за кожнай акцыяй БРСМ. Наконт іх эфектыўнасці, як прыклад, ён прывёў папярэднюю, што была накіраваная супраць паленьня:
“Гэтая акцыя такая ж, як і мінулая – супраць паленьня, калі чалавек прыходзіў, мяняў цыгарэту на цукерку “Чупа-чупс”, потым выходзіў на вуліцу, даставаў новую цыгарэту і запальваў. Эфектыўнасць той акцыі была нулявая".
Галоўнае маштабнасць
Аднак функцыянеры БРСМ ніяк не сутыкаюцца з прадстаўнікамі недзяржаўных моладзевых арганізацыяў. Адпаведна, яны не чуюць і крытыку ў свой адрас. У выніку, для першага сакратара гаркаму галоўнае – маштабнасць:
"Самае галоўнае, што па выніках мы хочам вырабіць “полотно изящной словесности" – кожная пярвічка атрымала такую замову. Мы мусім узяць кавалак яркай тканіны, і напісаць на ёй нейкае прыгожае выказванне ці прымаўку пра прыгажосць мовы. І напрыканцы праекта ў траўні наступнага года мы сашьем кавалкі, і расцягнем палатно па вуліцы Ленінскай – на ўсю яе даўжыню".