Першая Ассамблея няўрадавых арганізацый за пяць год
25 февраля 2009 г.6-7 сакавіка ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йоханэса Рау пройдзе першая за пяць апошніх год Асамблея няўрадавых арганізацый і ініцыятываў, у якой плануюць узяць удзел больш за 200 прадстаўнікоў недзяржаўных структур Беларусі, а таксама больш за паўсотні іх калег з блізкага і далёкага замежжа. Удзельнікі форума абмяркуюць актуальны стан "трэцяга сектара" у Беларусі і перспектывы дзейнасці НДА.
Па словах аднаго з арганізатараў Асамблеі, кіраўніка аб’яднання "Дыярыюш" Вацлава Арэшкі, цяперашні форум будзе адным з самых важных за ўвесь час існавання Асамблеі няўрадавых арганізацый. "Мы бачым, што свет і беларуская рэчаіснасць пачынаюць змяняцца дастаткова хутка, і як мы будзем сябе паводзіць, чым мы будзем у час зменаў, які надыходзіць, - вельмі важна даць адказы на гэтыя патынні", - сказаў Вацлаў Арэшка.
Праблемы замежнікаў
Як паведаміў яшчэ адзін арганізатар Асамблеі, кіраўнік Цэнтра "Супольнасць" Сяргей Мацкевіч, двум замежным гасцям, запрошаным на Асамблею, - прадстаўніку Кіеўскага нацыянальна-дэмакратычнага інстытута Дэвіду Гамільтану і прадстаўніцы варшаўскага Фонду Стэфана Баторыя Агнежцы Камароўскай - ужо адмоўлена ў беларускіх візах. "На жаль, у нашых спецслужб па-ранейшаму існуюць спісы замежнікаў, якія супрацоўнічаюць з грамадскімі арганізацыямі Беларусі", - адзначыў Мацкевіч. Паводле яго словаў, ёсць яшчэ пяць чалавек, якія пакуль не могуць атрымаць беларускія візы, таму спіс замежнікаў, якія не патрапяць на Асамблею, можа павялічыцца. (гк)