1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

Правы чалавека ў Беларусі: агляд падзеяў тыдня

18 февраля 2011 г.

Вынесены першы прысуд за ўдзел у масавых беспарадках 19 снежня. Маладафронтаўка пакінула СІЗА пад падпіску аб нявыездзе. Актывістаў дапытваюць спецслужбы. Вядомага праваабаронцу папярэдзіла пракуратура.

https://p.dw.com/p/10JaG
Молоток судьи - символ правосудия - лежит на столе рядом с книгой
Фото: Bilderbox

Суд Фрунзенскага раёна Мінска вынес першы абвінаваўчы прысуд па справе аб масавых беспарадках ў беларускай сталіцы 19 снежня 2010 году. Намесніцу старшыні "Маладога фронту" выпусцілі з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе. Супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі і органаў унутраных справаў працягваюць дапытваць актывістаў дэмакратычнага руху. Генеральная пракуратура вынесла папярэджанне кіраўніку Праваабарончага цэнтру "Вясна".

Першы прысуд

Василий Парфенков
Васіль Парфянкоў асуджаны на чатыры гадыФото: picture alliance/dpa

Суддзя суда Фрунзенскага раёна Мінска Вольга Комар 17 лютага прыгаварыла сябра выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева Васіля Парфянкова да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Маладога чалавека прызналі вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 году пасля завяршэння прэзідэнцкіх выбараў.

Нягледзячы на сцвярджэнні пракурора Антона Загароўскага, што Васіль Парфянкоў біў шыбы і дзверы ў Доме ўраду, падсудны абверг гэтыя абвінавачанні, прызнаўшы толькі, што насамрэч удзельнічаў у акцыі пратэсту супраць фальшавання выбараў кіраўніка дзяржавы. На карысць абвінавачанага былі і паказанні сведкаў, у тым ліку і сябра выканкаму Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрыя Фабішэўскага, які заявіў у судовым працэсе, што маладзён не ўдзельнічаў у біцці вокнаў і дзвярэй урадавай установы.

Імклівы працэс

Тым не менш, судзя вынесла абвінаваўчы вердыкт. Трэба адзначыць, што працэс быў вельмі скарацечным, разгляд справы з усімі атрыбутамі заняў толькі адзін працоўны дзень. На думку старшыні Беларускага Хельсінскага камітэта Алега Гулака, гэта звязана з тым, што ў суда не было дастатковых доказаў вінаватасці Васіля Парфянкова. Юрыст Праваабарончага цэнтру "Вясна" Уладзімір Лабковіч, які прысутнічаў на працэсе, адзначае, што ў выніку разгляду справы, у тым ліку і вывучэння відэаматэр’ялаў, узніклі сумневы, ці ўвогуле мелі месца масавыя беспарадкі 19 снежня мінулага году.

Адвакат Васіля Парфянкова Ігар Папкоўскі паведаміў, што са згоды свайго манданта будзе абскарджваць вынесены вырак у вышэйшыя судовыя інстанцыі.

Палітзняволеная пакінула СІЗА КДБ

Намесніцу старшыні зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі "Малады фронт" Насту Палажанку позна ўвечары 17 лютага выпусцілі са следчага ізалятара Камітэту дзяржаўнай бяспекі (КДБ) пад падпіску аб нявыездзе. За кратамі дваццацігадовая дзяўчына правяла амаль пяцьдзясят дзён.

Анастасия Полаженко
Наста Палажанка выпушчана пад падпіску аб нявыездзеФото: Bymedia

Наста Палажанка праходзіць у якасці абвінавачанай па крымінальнай справе паводле артыкула 293 Крымінальнага кодэкса Беларусі за арганізацыю і ўдзел у масавых беспарадках ў Мінску ўвечары 19 снежня 2010 году. Па словах актывісткі, яна зусім не чакала, што яе выпусцяць са следчага ізалятара КДБ, таму змяненне ёй меры стрымання сталася для яе самрэчным сюрпрызам.

Наста Палажанка паведаміла, што адчувае сябе добра, ніякіх скаргаў на здароўе не мае. "Зараз галоўнае запоўніць інфармацыйны вакуум, сустрэцца з сябрамі і блізкімі, якіх я так доўга не бачыла", - сказала дзяўчына. "Міжнародная амністыя" у студзені бягучага году прызнала яе "вязнем сумлення".

Пераследы працягваюцца

Пасля 19 снежня 2010 году яшчэ не было аніводнага дня, каб у краіне не адбываліся допыты, затрыманні ці ператрусы з адбіраннем маёмасці ў актывістаў беларускіх дэмакратычных сіл. 18 лютага на допыт у раённую пракуратуру Глыбокага (Віцебская вобласць) выкліканы выдавец і галоўны рэдактар незалежнай газеты "Вольнае Глыбокае" Уладзімір Скарабутан. У пазове журналісту пазначана, што ён выклікаецца ў пракуратуру "у звязку з праверкай". Уладзімір Скрабутан не выключае, што яшчэ адной з прычынаў выкліку на допыт можа быць адная з публікацыяў у ягонай газеце.

17 лютага на допыт у Мазырскі раённы аддзел унутраных справаў (Гомельская вобласць) выклікалі актывістку Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) Людмілу Краснасельскую. За два дні да гэтага жанчыну ўжо дапытвалі ў раённым аддзеле Упраўлення КДБ. Па словах актывісткі АГП, міліцыянты паведамілі ёй, што з Мінску прышоў загад дапытаць яе наконт удзелу ў масавых беспарадках у сталіцы, сфатаграфаваць яе і ўзяць тлумачэнні. Летась падчас выбараў у мясцовыя Саветы Людміла Краснасельская выстаўляла сваю кандыдатуру ў дэпутаты Мазырскага раённага савета.

Герб Беларуси на фасаде здания КГБ в Минске
КДБ працягвае допыты актывістаўФото: Bymedia

16 лютага супрацоўнікі Упраўлення КДБ па Магілёўскай вобласці цягам дзвюх гадзінаў апытвалі актывіста "Маладога фронту" Валянціна Лабачова. Апытанне было звязана з мінскімі падзеямі 19 снежня, а таксама з грамадска-палітычнай дзейнасцю маладзёна. Па словах Валянціна Лабачова, пратакол апытання быў аформлены з сур’ёзнымі працэсуальнымі парушэннямі. Напрыклад, у пратакол не ўносіліся пытанні, якія задаваў маладафронтаўцу следчы КДБ. Валянціна Лабачова змусілі даць падпіску аб неразгалошванні інфармацыі.

Папярэджанне праваабаронцу

Генеральная пракуратура Беларусі 16 лютага вынесла афіцыйнае папярэджанне старшыню Праваабарончага цэнтру "Вясна" Алесю Бяляцкаму. У той дзень праваабаронца, які з’яўляецца яшчэ і віцэ-прэзідэнтам Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, па позве наведаў намесніка начальніка аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабодаў грамадзянаў Генпракуратуры Паўла Елісеева.

Як гаворыцца ў папярэджанні, дзеянні ад імя Праваабарончага цэнтру "Вясна" "супярэчаць заканадаўству Рэспублікі Беларусь". Бяляцкага папярэдзілі, што пры далейшым парушэнні яго могуць прыцягнуць да адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Алесь Бяляцкі адмовіўся даваць Елісееву тлумачэнні наконт дзейнасці "Вясны". Варта адзначыць, што гэтая праваабарончая арганізацыя шматкроць спрабавала атрымаць афіцыйную рэгістрацыю ў Міністэрстве юстыцыі, але кожны раз па надуманых прычынах чыноўнікі адмаўляліся легалізаваць дзейнасць праваабаронцаў.

Дарэчы, 21 лютага на допыт да Паўла Елісеева выклікана незалежная журналістка, сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў Таццяна Бублікава, якая 19 снежня 2010 года была затрыманая на плошчы Незалежнасці ў Мінску, калі рабіла рэпартаж з акцыі пратэста і мела пры сабе пасведчанне польскай кампаніі "N.E.W. S. Informacje". Той жа Павел Елісееў 10 лютага прад’явіў афіцыйнае папярэджанне карэспандэнту "Радыё Рацыя" (Польшча) Барысу Гарэцкаму за працу на замежны сродак масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

Аўтар: Артур Смірноў, Вільня
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў

Пропустить раздел Еще по теме