Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня (8-12 лютага)
12 февраля 2010 г.Прадстаўнікі беларускіх правабарончых арганізацый паралельна з дзяржаўнымі структурамі прадставілі ў ААН свой даклад пра сітуацыю з правамі чалавека ў краіне, прызыўнік атрымаў грашовы штраф за адмову прыйсці ў ваенкамат з прычын перакананняў сумлення, актывіст апазіцыі падаў у суд скаргу на дзяржаўную газету за наведзены на яго паклёп.
Альтэрнатыўны даклад у ААН
Рэспубліка Беларусь першы раз за апошнія дзесяць год рыхтуецца прадставіць у Савет па правах чалавека ААН універсальны перыядычны агляд выканання краінай міжнародных абавязацельстваў у сферы правоў чалавека. Цэлае дзесяцігоддзе такі даклад рыхтавалі выключна праваабаронцы.Беларускі Хельсінскі камітэт (БХК), Праваабарончы цэнтр “Вясна”, Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ), Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый (АНДА) і Міжнародная Федэрацыя Правоў Чалавека (МФПЧ) 11 лютага прадставілі свой даклад, у якім акрэслены важныя праблемы, што існуюць у галіне правоў чалавека ў Беларусі.
Па словах старшыні БХК Алега Гулака, пад час падрыхтоўкі свайго дакладу беларускія правабаронцы не хавалі сваёй дзейнасці ад афіцыйных улад, на этапе падрыхтоўкі даклада яны сустракаліся з дзяржаўнымі структурамі, перш за ўсё з Упраўленнем па гуманітарным супрацоўніцтве і правам чалавека Міністэрства замежных справаў, якое непасрэдна рыхтавала гэты даклад ад Беларусі. Алег Гулак адзначыў, што праваабаронцы выказвалі сваё бачанне праблем, свае думкі аб тым, як сітуацыя можа выпраўляцца. Гэта ж было прадметам іх сустрэчы з першым намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта спадарыняй Пяткевіч”.
Як сказаў кіраўнік БХК, Беларусь пакуль што не цалкам выкарыстоўвае магчымасці і працэдуры, якія па дакументах ААН павінны праводзіцца пры падрыхтоўцы ўніверсальнага перыдычнага агляду. На погляд ААН, дзяржаўны даклад па сітуацыі па правах чалавека павінен рыхтавацца пры шырокіх кансультацыях з грамадствам, а ў Беларусі яны былі недастаковымі. “Грамадскі патэнцыял трэба скарыстоўваць больш актыўна”, - лічыць Алег Гулак.
У дачыненні да СМІ лібералізацыі няма
Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Літвіна акрэсліла праблемы незалежных СМІ, якія пададзены ў дакуменце.
Па словах кіраўніка БАЖ, апошнім часам не аднойчы з вуснаў высокіх службоўцаў гучала, што Беларусь падзяляе ўсе еўрапейскія каштоўнасці, адна з самых прыярытэтных сярод якіх – свабода выказвання і свабода слова.
Па словах Жанны Літвіной, БАЖ мусіць канстатаваць, што інфармацыйная прастора, сфера, звязаная са свабодай слова, з умовамі дзейнасці СМІ – гэта тая сфера, якая найменш падлягала працэсам лібералізацыі. “Сам гэты факт нас найбольш насцярожвае таму, што набліжаюцца выбарчыя кампаніі, і мы ўжо сёння асцярожна, але канстатуем, што сродкі масавай інфармацыі будуць не ў стане выканаць сваё канстытуцыйнае прызначэнне пад час электаральных кампаній”, - падкрэсліла старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Ак адзначыла Жанна Літвіна, у прыярытэтах БАЖ і патрабаванняў гэтай журналісцкай арганізацыі застаецца спыненне эканамічнай дыскрымінацыі ў дачыненні да незалежных, недзяржаўных СМІ, маецца на ўвазе непераадольная праблема распаўсюду незалежных грамадска-палітычных газет. Па словах Літвіной, на жаль, няма палітычнага рашэння, гэта праблема застаецца, як і раней, актуальнай. “Ёсць яшчэ праблемы доступу да інфармацыі, акрэдытацыі, праблемы ўзаемадзеяння з ідэалагічнымі аддзеламі, якія робяцца бар’ерамі на шляху журналіста да атрымання інфармацыі”, - сказала кіраўнік БАЖ.
Пазітыв и праблемы “трэцяга сектару”
Юрыст Праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч падксрэсліў, што праваабаронцы аб’ектыўна ставіліся да падрыхтоўкі дакумента, таму не маглі абмінуць і тыя пазітыўныя змяненні, якія адбываліся ў Беларусі.
Паводле праваабаронцы, Беларусь зрабіла такія крокі, як адмена штампаў у пашпарты грамадзян аб перасячэнні мяжы, адмяніла інстытут прапіскі, увёўшы інстытут рэгістрацыі, адменены такія рашэнні, як рашэнне Мінгарвыканкаму аб запрашэнні іншагародніх працоўных у Мінск, калі фірмы абавязваліся за кожнага плаціць грошы. “Таксама мы адзначаем такія крокі, як гатоўнасць Беларусі да абмеркавання ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне”, - адзначыў Валянцін Стэфановіч.
У дакладзе правабаронцаў акрэслена разам з іншымі праблема стварэння і рэгістрацыі няўрадавых арганізацыяў, перашкоды, якія ставараюцца ўладай у гэтым напрамку. Па словах юрыста Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў Юрыя Чавусава, колькасць арганізацый “трэцяга сектару” за апошняе дзесяцігоддзе застаецца нязменнай – 2250 плюс-мінус 20-30 арганізацый.
“У 2003 годзе іх было 2248, а напачатку гэтага – 2225, а гэта пацвярджае меркаванне, што грамадскі сектар у Беларусі не расце”, - рэзюмаваў юрыст.
Штраф адмоўніку і зыск на дзяржаўнае выданне
11 лютага суддзя Савецкага раёна Мінска Алена Дзічкоўская прыгаварыла прызыўніка Яўгена Якавенку да штрафу ў памеры 175 тысяч беларускіх рублёў (у пераліку каля 50 еўра). Маладзёна абвінавацілі ў нез’яўленні без вартых прычын у ваенкамат “на мерапрыемствы прызыву”.
Яўген Якавенка адмаўляецца служыць у войску з-за перакананняў сумлення. 2 лютага ён ужо трэцім разам накіраваў у адпаведныя дзяржаўныя структуры просьбу даць яму магчымасць прайсці альтэрнатыўную службу, але адказу так і не атрымаў. Нагадайма, што 1 лютага суд Мінскага раёну прыгаварыў да трох месяцаў артышту прызыўніка Івана Міхайлава, які адмовіўся служыць у арміі з рэлігійных перакананняў.
Суд горада Бабруйска і Бабруйскага раёну прыняў да разгляду зыск актывіста незарэгістраванай Партыі свабоды і прагрэсу Сяргея Еўдакімовіча на друкаванае выданне гарадскога выканкаму “Бабруйскае жыццё” аб абароне гонару і годнасці. Сяргей Еўдакімовіч просіць спагнаць з адказніка 25 мільёнаў беларускіх рублёў (больш за 6 300 еўра ў пераліку) за абразлівую публікацыю, якая з’явілася ў гэтай газеце пад час апошніх парламенцкіх выбараў. Актывіст яшчэ і грамадскай арганізацыі “Грамадзянскі форум”, Сяргей Еўдакімовіч (медык з чатырнаццацігадовым стажам) балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі пад час кампаніі 2008 году.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Уладзімір Дорахаў