Старшыня АБСЕ сустрэўся з лідэрамі апазіцыі
7 октября 2008 г.Па словах старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, мэтай візіту ў Беларусь і размовы Аляксандра Стуба з апазіцыяй была падрыхтоўка праекту рашэння сустрэчы кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў дзяржаваў Еўразвязу па беларускім пытанні, якое будзе абмяркоўвацца ў панядзелак.
“Ён сказаў дзве рэчы: па-першае, выбары былі несвабодныя і несправядлівыя. Другая тэза – палітыка супрацоўніцтва лепш, чым палітыка ізаляцыі. Інакш кажучы, тое, што адбывалася пад час выбарчай кампаніі, гэта дрэнна, але разам з тым, трэба знаходзіць кропкі, дзе перасякаюцца інтарэсы Еўропы, міжнародных арганізацыяў, афіцыйнага Мінска і прыхільнікаў пераменаў. І з гэтым спрачацца складана”.
Што рабіць далей?
Па словах Лябедзкі, пытанне ацэнкі прайшоўшых выбараў не было галоўным на сустрэчы. Самым важным было – што рабіць далей. “Датычна санкцый наша пазіцыя такая, што іх нельга адмяняць адразу і цалкам, аднак можна адмяняць нешта сёння, але часова. Гэта значыць, што санкцыі могуць быць адмененыя на пэўны тэрмін, а за гэты прамежак часу ўлады павінны прад’явіць не толькі словы, якіх хапае, але рэальныя дзеянні і рэальныя перамены”.
На пытанне, якія маюцца на ўвазе перамены, Анатоль Лябедзька адказаў: “У першую чаргу, гэта змены ў заканадаўства, якое рэгулюе выбарчы працэс, каб ужо сёння была яснасць: праз тры гады ў нас будуць сапраўдныя прэзідэнцкія выбары, ці гэта зноў будзе імітацыйная кампанія”.
Каштоўнасці ці прагматызм?
Па словах старшыні АГП, старшыня АБСЕ менавіта на тэму будучых выбараў адрэагаваў найбольш зацікаўлена і жвава. “Я так разумею, гэта тое, што будзе абмяркоўвацца ў панядзелак, і што якраз і хвалюе. З аднаго боку, не хочацца адыходзіць ад прынцыпаў і каштоўнасцяў, а з іншага боку, цісне пэўны прагматызм. Я думаю, што гэтая прапанова можа быць і кампраміснай і можа знайсці адлюстраванне ў пазіцыі як еўрапейскіх парламенцкіх структураў, так і на ўзроўні ўрадавых”.
У аўторак стала вядома, што 10 кастрычніка не адбудзецца сустрэча лідэраў беларускай апазіцыі з міністрам замежных справаў Польшчы Радаславам Сікорскім. Як сказаў Анатоль Лябедзька, “напачатку была прапанова правесці такую сустрэчу 21-га, і раптам з’явілася інфармацыя, што ледзь не заўтра трэба вылятаць у Варшаву, і ўлічваючы, што Сікорскі ўзяў на сябе функцыю пасярэдніка паміж Еўрапейскім Звязам і Беларуссю, для нас гэта таксама было б важным і карыстным. Але прычыны, чаму гэта адкладваецца, нам невядомыя”.