Чарговы віток уціску на маладзёвых актывістаў
4 апреля 2008 г.Насту Палажанку знялі з цягніка “Мінск-Варшава” на беларуска-польскай мяжы ўноч на пятніцу. Як паведаміла “Нямецкай хвалі” актывістка маладзёвага дэмакратычнага руху, яна менш як месяц таму выязджала з Беларусі ў Літву, і ніякіх праблем на мяжы ў яе не было. А гэтым разам, у 2.30 ночы, ёй паведамілі, што выезд за мяжу дзяўчыне забаронены, пра што маецца адзнака ў кампутары, папрасілі сабраць рэчы і пакінуць цягнік. Насце таксама сказалі, што прычына зняцця яе з цягніка - заведзеная супраць яе крымінальная справа, пра якую актывістка пачула ўпершыню.
Па вяртанні ў Мінск Наста Палажанка наведала АВІР Першамайскага раёну, дзе ёй пацвердзілі, што Міністэрства ўнутраных справаў ад 14 сакавіка бягучага году забараніла актывістцы выезд за мяжу. На адпаведнай старонцы ў інтэрнеце, аднак, была пазначаная только старая крымінальная справа Насты Палажанкі, у выніку якой ёй як непаўнагадовай вынеслі папярэджанне за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі (арт. 193 КК РБ).
Незразумелая сітуацыя
Актывістка затэлефанавала былому сьледчаму Грахоўскаму, які вёў летась справу пяці ўжо асуджаных да штрафаў актывістаў “Маладога Фронту”, але той заявіў, што ніякай новай справы супраць Палажанкі не заводзіў і ў базу дадзеных МУС яе не ўносіў.
Як сказала Наста Палажанка, “сітуацыя зараз вельмі незразумелая. Альбо гэта выскачыла старая справа, тады не зразумела, чаму гэта здарылася праз год. Ці гэта нейкая новая справа, але тады таксама незразумела, чаму я не ведаю пра гэтую справу. Я ўжо прайшла такі крымінальны пераслед і ведаю, з чаго павінна ўсё гэта пачынацца – выклікі, паперы і гэтак далей, а тут абсалютная цішыня, і вельмі цікава, адкуль усё гэта можа быць”.
Намесніца старшыні “Маладога Фронту” не можа дакладна патлумачыць, чаму з ёй адбылося такое: “Калі гэта выскачыла старая крымінальная справа, то адзіная магчымасць – гэта хацелі мне сарваць сустрэчы, якія мелі адбыцца ў Варшаве. Нейкая бязглуздзіца атрымалася, чаму яна ўзнікла настолькі позна і настолькі няўчас, бо мінулыя сустрэчы за мяжой у мяне адбыліся нармальна. Таму абсалютна не ведаю, як гэта можна растлумачыць”.
Забарона на выезд пэўных людзей
Сябра рады Праваабарончага цэнтру “Вясна” Таццяна Рэвяка мяркуе, што ўлады тыкім чынам наўмысна перашкаджаюць дэмакратычным актывістам займацца сваёй дзейнасцю. “Я думаю, што проста існуе забарона на выезд пэўных людзей, а ўжо падставы прыцягваюцца за вушы настолькі, што людзі самі не ведаюць, што яны ходзяць пад крымінальнай адказнасцю, як гэта было абвешчана Насце Палажанцы. Людзі не ведаюць пра сябе шмат якія рэчы. Проста пэўных людзей не хочуць выпускаць”, - адзначыла правабаронца.
У гэты ж дзень у кватэру актывіста “Ініцыятывы” Аляксея Бондара спрабавалі пранікнуць супрацоўнікі міліцыі, якія казалі, што ім трэба забраць маладзёна і адвезці яго ў пракуратуру. За што – не патлумачылі, таму сваякі юнака, якога на той момант не было дома, адмовіліся адчыніць дзверы. Аляксей Бондар з’яўляецца адным з чатырнаццаці актывістаў беларускага дэмакратычнага руху, якія 16-га красавіка а 10-й гадзіне раніцы прадстануць перад судом Цэнтральнага раёну Мінску. Іх будуць судзіць па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу за арганізацыю масавых беспарадкаў у беларускай сталіцы 21 студзеня пад час несанкцыянаванай вулічнай акцыі пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў.