Чыннікі несвяточнага настрою і пазітыву
26 декабря 2008 г.На Каляды многія дэмакратычныя арганізацыі, напрыклад, Беларуская асацыяцыя журналістаў альбо "Малады фронт", ладзяць дабрачынныя імпрэзы ў дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах для дзяцей-сірот ці ў установах для такз ваных "цяжкіх" падлеткаў, каб надаць ім прыўзнятага настрою. Але не ва ўсіх чальцоў беларускага грамадства гэтымі днямі настрой сапраўды святочны. І прычыны таму розныя.
Штраф за "еўрапейскія" налепкі
Днямі Адміністрацыйная камісія пры адміністрацыі Савецкага раёна Мінска аштрафавала актывіста грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Алега Ладуцьку за расклейку налепак з сімволікай Еўрапейскага Звязу на 175.000 рублёў (каля 60 еўра ў пераліку). На налепцы быў змешчаны сцяг Еўрапейскага Звязу з надпісам "Беларусь".
Гэта не першы выпадак, калі актывістаў гэтай грамадзянскай кампаніі затрымліваюць за налепкі з сімволікай Еўразвяза. Трэба адзначыць, што міліцыянты канфіскоўваюць у моладзевых актывістаў не толькі налепкі, але і сцягі Еўразвяза, якія потым знішчаюць.
"Палітычнае" звальненне
У Баранавічах з актывістам Аб'яднанай грамадзянскай партыі Рыгорам Грыкам адміністрацыя прадпрыемства, дзе ён працуе, не падоўжыла кантракт на наступны год. Партыец звязвае звальненне з сваёй палітычнай дзейнасцю. Рыгор Грык на мінулых выбарах балатаваўся ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл па Баранавіцкай сельскай акрузе № 7.
На прадзільна-ткацкай фабрыцы № 2 Рыгор Грык прапрацаваў слесарам-рамонтнікам 17 год. Каля прахадной аб'яднання ён неаднаразова раздаваў рабочым незалежныя выданні. З дружыны прадпрыемства яго выгналі з фармулёўкай "за неаднаразовы ўдзел у несанкцыянаваных мітынгах у Мінску". Як заявіў начальнік дружыны, ён жа начальнік службы бяспекі фабрыкі, Рыгор Грык актыўна ўдзельнічаў у акцыях і "трымаў плакаты супраць нашага прэзідэнта".
Таварыства аховы помнікаў пазбавілася офіса
Беларускае рэспубліканскае дабраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры пазбавілася сваёй сядзібы, якая месцілася ў Траецкім прадмесці ў цэнтры Мінска. Актывісты Таварыства да апошняга спадзяваліся захаваць за сабою памяшканне і, адпаведна, юрыдычны адрас, але справа завершылася не лепшым чынам для гэтай арганізацыі.
"Прычыну ў такім стаўленні да нас я бачу толькі ў дзейнасці самога Таварыства, паколькі мы вельмі актыўна ўздымаем праблемы, у першую чаргу, па горадзе Мінску, звязаныя з парушэннямі гісторыка-культурнае спадчыны, а парушэнні татальныя", - адзначыў Антон Астаповіч.
Амністыя становіцца рэальнай
Цяпер некалькі станоўчых момантаў. Вярхоўны суд не бачыць перашкод да правядзення амністыі ў 2009 годзе, пра што заявіў журналістам першы намеснік старшыні гэтага суда Аляксандр Федарцоў. Амністыя можа быць прыменена да пэўных катэгорый асобаў, якія, паводле Федарцова, асуджаны за "няшкодныя" няцяжкія злачынствы і "добрасумленна паводзяць сябе ў месцах пазбаўлення волі, паўсталі на шлях выпраўлення".
Яшчэ 18 снежня ў інтэрв'ю кіраўнікам найбуйных дзяржаўных СМІ Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што пытанне аб амністыі ў 2009 годзе будзе вывучана і па ім будзе прынята рашэнне. Кіраўнік дзяржавы не выключае, што ў наступным годзе да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў і будзе аб'яўлена амністыя.
Спадзевы на пазітыў
Некаторыя дэмакратычныя арганізацыі, якія пакуль не маюць дзяржаўная рэгістрацыі ў Беларусі, збіраюцца скарыстаць станоўчы досвед нядаўняга атрымання пасведчання аб рэгістрацыі Рухам "За свабоду" на чале з Аляксандрам Мілінкевічам.
Набыць легальны статус на пачатку наступнага году спадзяюцца Партыя свабоды і прагрэсу, на чале якой стаіць экс-дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Навасяд, а таксама ўжо зарэгістраваны ў Чэхіі як Міжнароднае моладзевае аб’яднанне "Малады фронт".
І яшчэ як станоўчае можна адзначыць тое, што ў гэтыя дні ў многіх канцэртных залах без перашкодаў ладзяць святочныя імпрэзы беларускія рок-гурты, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся ў так званым "чорным спісе" уладаў. Цяпер чыноўнікі не чыняць музыкам перашкодаў у арганізацыі выступаў перад сваімі заўзятарамі.
Генадзь Канстанцінаў