Правы чалавека ў Беларусі: агляд тыдня (15-19 лютага)
19 февраля 2010 г.Вярхоўны суд Беларусі адмовіў у задавальненні скаргі Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" (БХД) на дзеянні Міністэрства юстыцыі, якое чарговым разам адмовіла гэтай арганізацыі ў рэгістрацыі. У Мінску праваахоўныя органы жорстка разагналі акцыі апазіцыі. Палітзняволенага Арцёма Дубскага змясцілі ў штрафны ізалятар магілёўскай калоніі.
Скарга БХД не задаволена
Вярхоўны суд Беларусі 18 лютага адмовіў кіраўніцтву Партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" у задавальненні скаргі на дзеянні Міністэрства юстыцыі, якое ў чарговы раз адмовіла ў дзяржаўнай рэгістрацыі гэтай арганізацыі. Прычым сустаршыням БХД Паўлу Севярынцу і Віталю Рымашэўскаму, а таксама адказнаму сакратару партыі Дзянісу Садоўскаму было адмоўлена ў прысутнасці на абвяшчэнні рашэння суда. У суд пусцілі толькі часовага паверанага ў справах ЗША ў Беларусі Майкла Скэнлана, прадстаўніка амбасады Германіі Эрнста Крэса і адну журналістку.
Нягледзячы на адмову ў рэгістрацыі, БХД збіраецца выставіць на выбарах ў мясцовыя саветы, якія адбудуцца 25 красавіка, больш за 200 сваіх кандыдатаў, якія, у адрозненне ад сябраў зарэгістраваных палітычных партыяў, будуць вылучацца шляхам збору подпісаў.
Разгон мірных акцыяў
16 лютага, у традыцыйны Дзень беларускай салідарнасці, у цэнтры Мінску была разагнана акцыя дэмакратычных моладзевых структур у падтрымку затрыманых і асуджаных актывістаў не прызнанага беларускімі ўладамі Саюзу палякаў на Беларусі на чале з Анжалікай Борыс. Супрацоўнікі праваахоўных органаў у цывільным хапалі моладзевых актывістаў яшчэ на падыходах да Кастрычніцкай плошчы, дзе мелася адбыцца акцыя. Затрыманых суправодзілі ў пастарунак.
Тых, хто, змог дабрацца да Кастрычніцкай плошчы, міліцыянты цягнулі ў спецаўтобусы, якія знаходзіліся побач. Усяго былі затрыманыя больш за 20 чалавек, у тым ліку фотажурналістка Юлія Дарашкевіч. Іншым журналістам супрацоўнікі міліцыі заміналі рабіць фота і відэаздымкі.
За апошнія тры дні гэта была чацвёртая акцыя праваахоўных ворганаў у адносінах да актывістаў. 14 лютага ў дзень святога Валянціна міліцыянты затрымалі і жорстка збілі ўдзельнікаў свята, якое зладзілі хлопцы і дзяўчаты з арганізацый "Моладзь БНФ" і "Малады фронт". На наступны дзень у розных гарадах Беларусі былі затрыманы лідэры апальнага Саюзу палякаў. Ігар Банцар, Анджэй Пачобут і Мечыслаў Яскевіч былі асуджаны на пяць сутак адміністратыўнага арышту кожны за арганізацыю несанкцыянаванай акцыі ў падтрымку Дома польскага ў Івянцы Мінскай вобласці. Старшыня СПБ Анжаліка Борыс за тое ж самае атрымала штраф у памеры 1 мільёну 50 тысяч беларускіх рублёў - каля 270 еўра ў пераліку.
Абвастрэнне напярэдадні выбараў
Эксперт Беларускага інстытуту стратэгічных даследванняў (BISS, Вільнюс) Дзяніс Мельянцоў звязвае абвастрэнне дзейнасці праваахоўных органаў у дачыненні да апанентаў улады з важнымі палітычнымі кампаніямі, якія пачаліся ў Беларусі. Па словах аналітыка, пад час выбарчых кампаніяў у краіне абвастраюцца палітычныя рэпрэсіі, таму што ўлада баіцца, што на фоне так званай лібералізацыі і збліжэння з Еўрасаюзам палітычныя сілы і беларускае грамадства могуць адвыкнуць ад страху.
Палітолаг Юры Чавусаў не выключае, што беларускія ўлады могуць зрабіць некаторыя крокі, каб адцягнуць увагу еўрапейскіх структур ад выбарчага працэсу. Паводле эксперта, канфлікт з незалежным Саюзам палякаў для еўрапейцаў ужо стаў прыярытэтным пунктам у параўнанні з тым, як у краіне адбываюцца мясцовыя выбары. Чавусаў мяркуе, што напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў таксама можа адбыцца нешта, скіраванае на зрыў дыялогу паміж Еўропай і Беларуссю, напрыклад, пагроза выхаду краіны з Усходняга партнёрства. І гэта можа адцягнуць еўрапейскую ўвагу ад выбарчага працэса, лічыць Юры Чавусаў.
Палівязень – у штрафным ізалятары
Прызнаны Amnesty International "вязнем сумлення" актывіст зарэгістраванай ў Чэхіі арганізацыі "Малады фронт" Арцём Дубскі змешчаны ў штрафны ізалятар. Гэта стала вядома 18 лютага, калі маці зняволенага прыехала на спатканне з сынам у магілёўскую калонію агульнага рэжыму, дзе маладзён адбывае пакаранне. Як паведамілі супрацоўнікі калоніі, Арцём Дубскі трапіў у штрафны ізалятар 10 лютага і будзе знаходзіцца там 15 сутак.
Арцёму Дубскаму ставяць за віну тое, што ён нібыта недастаткова ветліва павітаўся з супрацоўнікам калоніі, а таксама пачаў збор подпісаў пад патрабаваннямі паляпшэння ўмоваў утрымання ў калоніі. Знаходжанне ў штрафным ізалятары азначае, што вязень цягам усяго гэтага тэрміну не будзе атрымліваць пошту, яго не будуць вадзіць на прагулку і яму не дазволяць спатканні. Зараз адвакат Арцёма Дубскага Тамара Сідарэнка рыхтуецца абскардзіць гэтае пакаранне.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Вікторыя Зарянка