Правы чалавека ў Беларусі: падзеі тыдня
19 марта 2010 г.Вярхоўны суд Беларусі разглядае скаргу Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) на Міністэрства юстыцыі, якое вынесла гэтаму грамадскаму аб’яднанню афіцыйнае папярэджанне, сябра Партыі БНФ звольнілі з працы за ўдзел у мясцовых выбарах, у шэрагу незалежных журналістаў і грамадскіх дзеячоў прайшлі ператрусы.
Хваля ператрусаў
Некалькі ператрусаў правялі супрацоўнікі праваахоўных органаў увечары 16 сакавіка на працоўных месцах і ў кватэрах некаторых беларускіх незалежных журналістаў. Ператрусы адбыліся ў сядзібе сайту "Хартыя-97", на працоўным месцы шэф-рэдактара незалежнае газеты "Народная воля" Святланы Калінкінай, у кватэры намесніцы рэдактара гэтага выдання Марыны Коктыш, а таксама ў кватэры рэдактара сайту "Хартыі’97" Наталлі Радзінай. Міліцыянты спрабавалі патрапіць таксама ў кватэры незалежнага журналіста Алега Бябеніна і каардынатара грамадзянскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" Змітра Бандарэнкі.
Лідэр грамадзянскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" Андрэй Саннікаў, у прыватнай кватэры якога таксама адбыўся вобшук, выказаў упэўненасць, што апошнія падзеі не маюць дачынення да так званай "паляўнічай справы", нягледзячы на тое, што фармальна ператрусы праводзяцца паводле заявы аднаго з яе фігурантаў. "Ідзе паляванне на незалежную журналістыку, на найбольш папулярныя апазіцыйныя медыя - гэта "Народная воля", сайты "Хартыя-97", "Беларускі партызан", - адзначыў Андрэй Саннікаў.
Журналістаў робяць "крайнімі"
Намесніца галоўнага рэдактара "Народнай волі" Марына Коктыш упэўнена, што журналістаў проста хочуць "зрабіць крайнімі".
"Ідуць разборкі паміж КДБ і МУС, аднекуль адбылася ўцечка інфармацыі, нейкія матэрыялы з’явіліся ў інтэрнеце… Адкуль адбылася ўцечка - відавочна, яны не могуць вызначыць. І таму журналісты трапілі ў "жорны" паміж МУС і КДБ", - лічыць журналістка.
Звальненне за ўдзел у выбарах
Сябра Партыі БНФ Таццяну Балабанскую, якая збіраецца браць удзел у мясцовых выбарах як кандыдат у дэпутаты гарадскога савету Маладзечна, звольнілі з працы. Таццяна Балабанская працавала інжынерам-радыёлагам у Маладзечанскім лясгасе.
Па словах кіраўніка Маладзечанскай арганізацыі Партыі БНФ Яна Лагвіновіча, у панядзелак, 15 сакавіка, спадарыня Балабанская падала дакументы на рэгістрацыю ў якасці кандыдата ў дэпутаты. 16 сакавіка яе выклікалі да кіраўніцтва лясгаса, а на наступны дзень дадому жанчыне патэлефанавалі з аддзелу кадраў і паведамілі, што ад гэтага дня ў Маладзечанскім лясгасе яна больш не працуе. Ян Лагвіновіч звязвае факт звальнення Таццяны Балабнскай з яе актыўным удзелам у кампаніі мясцовых выбараў.
Па словах сябра Рады Праваабарончага цэнтру "Вясна" Валянціна Стэфановіча, у параўнанні з мінулымі выбарчымі кампаніямі ў Беларусі нічога прынцыпова не змянілася. Як адзначае праваабаронца, Цэнтральная выбарчая камісія ўвесь час спрабуе зрабіць "прыгожую карцінку" і гаворыць пра лібералізацыю і пра тое, як змены ў заканадаўства паўплывалі на паляпшэнне выбарчага працэсу, але мясцовыя органы выканаўчае ўлады, сілавыя структуры працуюць, як і раней, і да іх гэтыя новыя веянні не дайшлі.
Стэфановіч валодае інфармацыяй, што сябраў ініцыятыўных груп выклікаюць у пракуратуру і падаткавыя інспекцыі за тое, што яны перасякалі дзяржаўную беларуска-літоўскую мяжу. Паводле юрыста, таксама актыўна выкарыстоўваюцца іншыя формы ўціску.
БАЖ судзіцца з Мінюстам
У панядзелак, 22 сакавіка, Вярхоўны Суд Беларусі агучыць рашэнне па скарзе Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) на дзеянні Міністэрства юстыцыі, якое вынесла гэтаму грамадскаму аб’яднанню афіцыйнае папярэджанне за слова "Прэса" на бэджах сябраў арганізацыі, а таксама за дзейнасць пры БАЖ Цэнтру прававой абароны СМІ.
Па словах намесніка старшыні БАЖ Андрэя Бастунца, гэтае папярэджанне на забарону выкарыстання пасведчанняў з надпісам "Прэса" накіравана на тое, каб зменшыць магчымасць журналістаў – сябраў БАЖ працаваць, атрымліваць інфармацыю, распаўсюджваць яе і на тое, каб паслабіць прававую абарону сябраў арганізацыі.
Андрэй Бастунец паведаміў, што сітуацыя вакол папярэджання БАЖу адсочваецца еўрапейскімі структурамі. "Венецыянская камісія па запыту Рады Еўропы прыняла да разгляду гэтае папярэджанне Міністэрства юстыцыі БАЖу, каб праверыць, наколькі яно адпавядае міжнародным стандартам у галіне свабоды слова і свабоды асацыяцыяў", - адзначыў намеснік старшыні БАЖ.
Калі ў наступны панядзелак суд адмовіць у задавальненні скаргі, то ў выпадку яшчэ аднаго папярэджання дзейнасць Беларускай асацыяцыі журналістаў можа быць прыпыненая.
Аўтар: Генадзь Канстанцінаў
Рэдактар: Вікторыя Зарянка