1. Перейти к содержанию
  2. Перейти к главному меню
  3. К другим проектам DW

“Працэс 14-ці” працягваецца. З правакацыямі

Генадзь Канстанцінаў18 апреля 2008 г.

18 красавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Мінска працягваўся разгляд крымінальнай справы супраць актывістаў дэмсілаў, якіх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў падчас вулічнай акцыі пратэсту ў студзені.

https://p.dw.com/p/DkQx
Фото: AP

Амаль цэлы дзень ішоў прагляд відэаматэр’ялаў, прадастаўленых следству дзяржаўнымі тэлеканаламі, а таксама рознымі спецслужбамі. На відэакасетах зафіксаваны не вельмі прыемны для баку абвінавачання факт, датычны актывіста “Ініцятывы” Андрэя Кіма, які на судзе знаходзіцца ў клетцы і якога абвінавачваюць па двух артыкулах крымінальнага кодэксу – не толькі за ўдзел у масавых беспарадках, але і ў гвалце дачынна супрацоўніка міліцыі Юрыя Сычова. Апошні прасіў разглядаць стужку ў яго адсутнасці, але бок абароны, як і суддзя, з просьбаю пацярпелага не пагадзіліся. Што, аднак, не перакшодзіла Сычову па абедзе праігнараваць працэс.

Пазней стала зразумела, чаму Сычоў не жадаў бачыць дакументальнае відэа – на стужцы відаць, што ўдар яму ў твар нанёс не Андрэй Кім, а іншы міліцыянт, а Кіма, наадварот, самога пабілі супрацоўнікі органаў аховы правапарадку.

Пасля перапынку ў залі суда адбыўся інцыдэнт – па невядома чыім загадзе яшчэ ад самага ранку ў залу нагналі сябраў праўладнага саюзу моладзі (БРСМ), якія занялі вялікую частку месцаў, у той час як сапраўды цікаўныя, у тым ліку і блізкія і сябры падсудных, чарговым разам не змаглі патрапіць нават на тэрыторыю суда.

Маладзікоў, якія з’явіліся ў залі, ахоўнікі-спецназаўцы нават не папрасілі прад’явіць дакументы, хаця ўсіх астатніх “ідэнтыфікавалі” і нават дасканала абшуквалі па некалькі разоў. Апроч таго, гэтыя “невядомыя” ужо ў залі судовых паседжанняў пачалі штурхаць прысутных, у тым ліку і жанчын, што выклікала досыць адмоўную рэакцыю з боку іншых людзей, і справа ледзь не закончылася патасоўкаю.

Суддзя Алена Ільіна не задаволіла хадайніцтва адвакатаў Паўла Сапелкі і Аляксандра Галіева пра выдаленне “гасцей” з залі суда і адмовіла ў патрабаванні абаронцаў хаця б праверыць дакументы ў парушальнікаў парадку (было падазрэнне, што некатрым менш за 18 год, а непаўнагадовым заканадаўствам забаронена знаходзіцца на судах).

Суддзя таксама не задаволіла хадайніцтва боку абароны дапытаць у якасці сведкі старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку і прадпрымальніка Ігара Ледніка (апошняга пазней, праўда, дапыталі), хаця адпаведнае хадайніцтва было заяўленае яшчэ ў першы дзень працэсу.

Алена Ільіна пагадзілася толькі на допыт сведкі Дар’і Гудковай, якая ў часе бойкі была побач з Андрэем Кімам. Яе паказанні, як і відэаматэр’ялы, таксама адхіляюць словы пацярпелага Сычова і некаторых сведкаў-міліцыянтаў. Да таго ж, суддзя Ільіна яшчэ ў першай палове дня выдаліла з залі суда абвінавачаную Таццяну Цішкевіч – толькі за ўсмешку, а іншых удзельнікаў працэсу зноў засыпала пагрозамі вынясення папярэджанняў з занясеннем у пратакол.

Працэс, які, на думку адвакатаў і незалежных экспертаў, чамусці зацягваецца, адновіцца ў панядзелак. Наперадзе – судовыя спрэчкі, выступленні адвакатаў, апошняе слова падсудных і вырок, які, па ацэнках назіральнікаў, не будзе мяккім.

Пропустить раздел Еще по теме

Еще по теме

Показать еще