Прызнацца ў каханні па-беларуску
13 февраля 2009 г.Напярэдадні дня Святога Валянціна Гомельская моладзевая краязнаўчая арганізацыя "Талака" абвясціла конкурс на найлепшае прызнанне ў каханні па-беларуску. Гэта адна з акцыяў, якія ладзяць апошнім часам беларусы, каб уратаваць родную мову ад знікнення.
Пяшчотна і рамантычна
Конкурс на прызнанне ў каханні па-беларуску праводзіцца ў Беларусі ўпершыню. Кіраўніца "Талакі" Ларыса Шыракова спадзяецца, што такім чынам можна прыцягнуць увагу да роднай мовы. "Ёсць яшчэ адна мэта – разбурэнне стэрэатыпу, што беларуская мова нібыта непрыдатная ў рамантычна-інтымных адносінах. Мы хочам паказаць, што на ёй можна пяшчотна выказаць свае пачуцці", - тлумачыць арганізатар акцыі.
Каб паўдзельнічаць у конкурсе, дастаткова даслаць арыгінальнае прызнанне ў каханні на роднай мове. Самыя выбітныя з іх можна будзе пачытаць на сайце "Талакі". А пераможцу чакае рамантычная вячэра на дваіх у адной з гомельскіх кавярняў.
Пакуль прызнанняў прышло няшмат – каля 20.
Ларыса меркавала, што будзе болей. Але, на яе думку, гэта ўсё роўна крок да захавання мовы, кола ўжытку якой апошнім часам, асабліва ў адукацыйным плане, звужаецца.
Гаварыць па-беларуску 24 гадзіны ў суткі
Па дадзеных Таварыства беларускай мовы, штогод на вёсцы зачыняюць да 400 беларускіх школ. У гарадах па-беларуску вучыцца толькі каля 2 адсоткаў дзяцей. Але старшыня арганізацыі ТБШ Алег Трусаў раіць беларусам проста 24 гадзіны ў суткі гаварыць па-беларуску, як робяць 6 тысячаў сябраў ТБШ.
Дваццаць гадоў таму пад пагрозай апынулася само існаванне беларускай мовы. Але ў 1990 годзе былі прынятыя Закон аб мовах, які надаў ёй статус дзяржаўнай, і Дзяржпраграма развіцця беларускай мовы. Пасля рэферэндума 1995 года сітуацыя з мовай тытульнай нацыі ізноў пачала мяняцца ў горшы бок. 74 адсоткі грамадзян Беларусі лічаць беларускую мову роднай. Але найчасцей карыстаюцца мовай расейскай.
Мовазнаўца Зміцер Саўка гаворыць, што ў Еўропе цяжка знайці адпаведнікі такога становішча з мовай. "Дзяржава беларуская і ў той жа час у ёй усё беларускае нішчыцца. Найперш мова", - кажа мовазнаўца. Але ён падкрэслівае, што матчыну мову ад поўнага знікнення ратуе менавіта яе блізкасць да расейскай, бо сапраўды той, хто гаворыць па-расейску, дастаткова лёгка можа навучыцца гаварыць і пісаць па-беларуску.
Крызіс за беларускае?
Алег Трусаў бачыць сёння сітуацыю з беларускай мовай лепшай за тую, што была гадоў 15-20 назад. Да прыкладу, у бізнес прышла сёння моладзь часоў адраджэння Беларусі. Нават кіраўнік Грамадска-кансультацыйнай рады пры Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей на нядаўнім пасяджэнні, адзначае спадар Трусаў, спрабаваў гаварыць з ім па-беларуску.
Магчыма, крызіс і неабходнасць наладжваць адносіны з Захадам падштурхнуць улады больш уважліва ставіцца да роднай мовы? Але мовазнаўца Зміцер Саўка мае сумнеў. "Калі гэта не было зроблена раней, то наўрад ці яно будзе далей. Можа, Лукашэнка перастане дадушваць беларускую адукацыю, але выглядае, што не перастане", - кажа эксперт.
У настаўніцы Ірыны Гайко шмат ідэй па пашырэнні ўжытку беларускай мовы сярод моладзі: кампутарныя гульні па-беларуску, рэклама айчынных тавараў, галівудскія зоркі, якія б маглі загаварыць у айчынных кінатэатрах на мілагучнай тутэйшай мове. Але Ірына ўсведамляе, што ўсе гэтыя акцыі носяць "кропкавы" характар. Яна з прыкрасцю адзначае, што беларусы ў паўсядзённым жыцці не карыстаюцца роднай мовай, бо няма матывацыі.
"Гэтую матывацыю трэба ствараць", - упэўненая Ірына Гайко. Але на думку настаўніцы, сур’езная матывацыя, можа быць дэклараваная толькі зверху на афіцыйным узроўні.
Марына Мазуркевіч